Новы Падатковы кодэкс: вельмі патрэбныя грошы

Сёлета зрабілі ўвялі шэраг новаўвядзенняў у падатковае заканадаўства: новыя віды падаткаў, падвышаныя стаўкі, новыя рэжымы падаткаабкладання і адмены льготаў. Усё проста – грошы вельмі патрэбныя! Такім чынам каментуюць новаўвядзенні эксперты праекту «Кошт ураду» ў размове з «Белсатам».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: «Белсат»

Сёлета ўлады краіны чакаюць пагаршэння макраэканамічнай кан’юнктуры. Пра гэта сведчыць не толькі прыняцце рэспубліканскага бюджэту на 2023 год з дэфіцытам Br 3,2 млрд, але і істотнае павышэнне падаткаў, кажуць эксперты праекту «Кошт ураду».

«Шмат якія крыніцы прыбыткаў з вялікай доляй імавернасці, нават на думку складальнікаў бюджэту, будуць куды меншыя за мінулагоднія. Менавіта таму і прагназуюць у 2023 годзе зніжэнне паступлення ад падаткаў на прыбытак на 2 %, акцызаў на 30 %, экалагічнага падатку на 37 %, падатку на здабычу прыродных рэсурсаў на 17 %, падатковых прыбыткаў ад вонкаваэканамічнай дзейнасці на 19 %», – ацэньваюць чаканні чыноўнікаў эканамісты.

У такіх умовах шырокамаштабны пошук любых крыніцаў папаўнення бюджэту будзе абгрунтаваным крокам дзеля павышэння сумы, атрыманай ад падаткаў з насельніцтва краіны. Сёлета больш плаціць у казну дзяржавы давядзецца практычна ўсім без выключэння.

Вельмі патрэбныя грошы

Адметна, звяртаюць увагу эксперты, што чыноўнікі абгрунтоўваюць павышэнне падатковага цяжару для беларусаў як «выраўноўванне ўмоваў вядзення бізнесу» або «павышэнне долі ўдзелу ў дзяржаўных выдатках». Беларусам недвухсэнсоўна даюць зразумець, што яны недаплачваюць за сацыяльна арыентаваную дзяржаву.

«Напрыклад, ІП, як выявілася, не апраўдалі аказанага ім уладамі высокага даверу – працавалі больш на сябе, чым на дзяржаву. Яшчэ раней адмена льготаў для айцішнікаў прайшла пад лозунгам барацьбы з пандэміяй. Збор за першую кватэру, а не другую і наступныя, закліканы зраўняць усіх уладальнікаў нерухомасці. Выязджаеш за мяжу на сваім аўце – заплаці ў мясцовы бюджэт. І так куды ні паглядзі – усё за сацыяльную справядлівасць».

Каб ніхто не схаваўся ад сацыяльнай справядлівасці, звяртаюць увагу эксперты, у бюджэце на 2023 год улады запланавалі рост паступленняў ад штрафаў на 43 %. Гэта значыць, для кантралёраў і правяральнікаў праца знойдзецца.

Беларусы будуць больш плаціць у казну. Паглядзелі, каму і як павысілі падаткі

Мікалай Каткоў belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны