У Менску закрылася адна з самых папулярных канцэртных пляцовак «Prime Hall»

Канцэртная пляцоўка «Prime Hall» заявіла аб прыпыненні працы «з тэхнічных прычынаў». Яна не працуе з 15 студзеня і закрылася на нявызначаны тэрмін.

«Prime Hall». Крыніца: portalbilet.ru

У адміністрацыі прычынаў закрыцця не называюць, спасылаючыся на «рашэнне кіраўніцтва», якога «не каментуюць».

«З 15 студзеня 2023 г. «Prime Hall» часова прыпыняе сваю дзейнасць з тэхнічных прычынаў. Інфармацыя пра дату адкрыцця будзе размешчаная дадаткова на нашым сайце і ў сацыяльных сетках», – гаворыцца ў паведамленні на сайце клубу.

Пляцоўка «Prime Hall» размяшчаецца на апошнім паверсе гандлёвага цэнтру «Карона Замак» на праспекце Пераможцаў у Менску. Цэнтр належыць Паўлу Тапузідысу, беларускаму бізнесоўцу, якога неаднаразова ўключалі ў спіс набліжаных да сям’і Лукашэнкі.

Адмыслоўцы мяркуюць, што ў пляцоўкі маглі ўзнікнуць цяжкасці з арганізацыяй канцэртаў, якая цяпер павінна ажыццяўляцца толькі праз падрадчыкаў, што ўваходзяць у спецыяльны рэестр Міністэрства культуры Беларусі.

Таксама прычынамі закрыцця маглі стаць пандэмія і санкцыі, пасля якіх колькасць беларускіх і замежных выканаўцаў, якіх можна запрасіць, скарацілася – і пляцоўка не акупляе выдаткаў на сваё ўтрыманне. Але «Prime Hall» маглі закрыць і проста на рамонт.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны