Камітэт дзяржкантролю паведаміў пра выкрыццё супрацьпраўнай дзейнасці буйнога бізнесмена і яшчэ шасцёх яго саўдзельнікаў. Іх вінавацяць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, легалізацыя злачынных даходаў і ўтойванні выручкі. Прозвішчы не называюцца.
17 лютага КДК паведаміў, што сумесна з падатковымі органамі Віцебскай вобласці і пры сілавой падтрымцы АМАП Віцебскага аблвыканкаму спыніў «супрацьпраўную дзейнасць уладальніка шматлікіх абʼектаў нерухомай маёмасці, звязаную з ухіленнем ад выплаты падаткаў і легалізацыяй злачынных даходаў».
Паводле вынікаў праверкі, дзяржкантроль высветліў, што бізнесмен і з дапамогай шасцёх саўдзельнікаў з «мэтай незаконнай мінімізацыі падаткаў» арганізаваў у Наваполацку і Полацку цэлую сетку субʼектаў гаспадарання (трох індывідуальных прадпрымальнікаў і 4 юрыдычных асоб). Яны, як высветліў КДК, прымянялі спецыяльны рэжым падаткаабкладання, а затым «штучна размяркоўвалі паміж сабой атрыманую выручку ад здачы маёмасці». КДК палічыў, што ў выніку прадпрымальнік не даплаціў больш за Br 420 тыс. падаткаў.
Таксама бізнесоўца вінавацяць у тым, што ён вывеў з разліковага рахунку прадпрыемства і абнаявіў праз асабісты карт-рахунак Br 3,4 млн, з якіх не выплачаны падаходны падатак у памеры Br 320 тыс.
КДК таксама лічыць, што бізнесовец учыніў спробу легалізаваць частку даходаў, здабытых злачынным шляхам. Некаторыя арандатары разлічваліся з ім наяўнымі, сумма схаваных даходаў удакладняецца.
У дачыненні да бізнесоўца Наваполацкі міжраённы аддзел упраўлення Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю па Віцебскай вобласці распачаты адразу 3 крымінальныя справы – за ўхіленне ад выплаты падаткаў, за ўхіленне ад выканання абавязкаў падатковага агента па пералічэнні падаткаў і збораў, і за легалізацыі сродкаў, атрыманых незаконным шляхам. У офісах і па месцах жыхарства затрыманых праведзены ператрусы.
Паведамляецца аб арышце маёмасці падазраваных на суму не менш як € 92 мільёны. У спісе арыштаванай маёмасці 68 абʼектаў нерухомасці агульнай плошчай больш за 107 тыс. кв. м. Сярод іх 24 гандлёвыя цэнтры, катэджы, кватэры і аўтамабілі люксавага сегмента.
У той жа час, у сюжэце праўладнага тэлеканалу ОНТ паведамляецца, што падазраваны бізнесмен уцёк і знаходзіцца ў Дубаі. Прозвішча падазраванага не называецца, але дэманструецца відэа з сацсетак, на якім паказаны мужчына сярэдніх гадоў за спіной якога бачна мора.
Антон Тачняк belsat.eu