МЗС Беларусі расказала падрабязнасці «адказу на Баброўнікі»

МЗС Беларусі расказала Часоваму паверанаму ў справах Польшчы Кшыштафу Ажанна падрабязнасці адказу на закрыццё «Баброўнікаў»: закранае рух грузавікоў, працу консульства ў Горадні і афіцэра сувязі Памежнай службы. Аб гэтым паведамляе прэсавая служба міністэрства. 

Міністэрства замежных справаў Беларусі. Фота: ua.news

У Міністэрства замежных спраў Беларусі 17 лютага быў выкліканы Часовы павераны ў справах Польшчы Кшыштаф Ажанна. Яго праінфармавалі аб мерах, якія беларускі бок прыняў у адказ на закрыццё руху ў пункце пропуску «Баброўнікі-Бераставіца». Пры гэтым рашэнне польскага ўрада названа «антыгуманным і аднабокім».

Адносна змены рэжыму перамяшчэння польскіх грузаперавозчыкаў удакладнена, што з 17 лютага яны змогуць уязджаць на беларускую тэрыторыю і пакідаць яе праз любы грузавы пункт пропуску, але толькі на беларуска-польскім участку мяжы.

«Уся адказнасць за пагаршэнне ўмоў дзейнасці сваіх перавозчыкаў ляжыць на ініцыятары абмежавальных мер, гэта значыць на дзейным урадзе Польшчы», – падкрэслівае МЗС Беларусі.

Да таго ж, беларускі бок запатрабаваў, каб штат Генеральнага консульства Польшчы ў Горадні быў прыведзены «да колькаснага парытэту з колькасцю супрацоўнікаў Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку». Беларускі МЗС назваў бессэнсоўным далейшае знаходжанне на тэрыторыі Беларусі афіцэра сувязі Памежнай службы Польшчы.

«Мы давалі яму шанц, аднак замест наладжвання мастоў і садзейнічання вырашэнню праблемных пытанняў, у тым ліку для польскіх перавозчыкаў, на справе яго актыўнасць была накіравана ў супрацьлеглы бок», – так МЗС РБ ахарактарызавала дзейнасць польскага памежніка.

МЗС асобна падкрэсліў, што ўсе прынятыя Беларусь меры прынятыя ў адказ на дзеянні Польшчы і беларускі бок «і надалей не плануе ініцыятыўна пагаршаць умовы жыцця і вядзення бізнесу ні сваім, ні суседнім грамадзянам».

«Аднак любыя дэструктыўныя крокі польскага Урада не будуць пакінуты без увагі, у сувязі з гэтым пакідаем за сабой права на больш сурʼёзныя меры ў адказ для абароны нацыянальных інтарэсаў. Чарговы раз заклікаем Урад М.Маравецкага думаць да прыняцця адказных рашэнняў, якія ўплываюць на жыццё людзей, і скарыстаць гатовасць беларускага боку да ўзаемапаважлівага дыялогу», – заявіў беларускі МЗС.

Нагадаем, што ўдзень 17 лютага ўрад Беларусі паведаміў аб прыняцці пастановы, згодна якой зменены парадак руху польскага грузавога транспарту праз мяжу і тэрыторыю Беларусі. Гэта рашэнне прынятае пасля таго, як Польшча 10 лютага вырашыла закрыць памежны пераход «Баброўнікі» на нявызначаны тэрмін.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны