17 лютага МУС чарговы раз абнавіла «Пералік грамадзянаў Беларусі, замежных грамадзянаў або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Увагу на гэта звярнулі праваабаронцы «Вясны».
У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 26 чалавек, цяпер у ім 2442 асобы.
Да «экстрэмістаў» цяпер залічаныя журналіст Алесь Любянчук, кіраўнік упраўлення сувязяў з грамадскасцю кампаніі A1 Мікалай Брэдзелеў, мазыранка Крысціна Чаранкова, жыхар Гомля Аляксандр Айнутдзінаў і іншыя.
Журналіста Алеся Любенчука летась пакаралі 3 гадамі зняволення за нібыта «ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні». Палітвязень склаў на прысуд апеляцыю ў Вярхоўны Суд. Але суд адхіліў зварот і пакінуў ранейшы вырак. Неўзабаве журналіста могуць этапаваць у калонію, і паводле некаторых звестак, гэта будзе папраўчая ўстанова № 15 у Магілёве на Слаўгарадскай шашы, 183.
Алеся Любенчука затрымалі 26 траўня летась. Яго забралі з вёскі Крывічы Івейскага раёну, дзе ён жыў апошні час.
У 2020 годзе Любенчука некалькі разоў затрымлівалі за выкананне прафесійных абавязкаў, і ён адбываў арышт у турме ў Баранавічах. Пасля падзеяў 2020 года Алесь Любянчук займаўся турызмам і аднаўленнем гістарычна-культурнай спадчыны свайго раёну.
Праваабаронцы прызналі Алеся Любенчука палітвязнем.
Якуб Хруст belsat.eu