Сілавікі завялі крымінальную справу на ўдзельніцу ток-шоу «План: Б»

Сталася вядома, што сілавікі завялі крымінальную справу на блогерку Вольгу Павук за ўдзел у праграме «Белсату».

Вольга Павук у студыі праграмы «План: Б» (з мікрафонам). Фота: Waldemar Dowejko

Сілавікі 17 сакавіка ў сваіх каналах заявілі, што завялі крымінальную справу на блогерку Вольгу Павук за ўдзел у праграме «Белсату». Паводле іх, Вольга была госцем студыі ў праграме «План: Б». Ёй інкрымінаваны арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»). Сілавікі абяцалі разабрацца і з іншымі гасцямі нацыянальнага ток-шоу і таксама завесці на іх крымінальныя справы.

«Магу сказаць, што гэтаму баязліваму рэжыму пагроза ўсё. Нават калі Воля Павук удзельнічае ў праграме ў Вільні, то гэта таксама пагроза, і ім трэба завесці крымінальную справу. Ну што сказаць – калі мяне там няма, то няхай хоць расстраляюць. Нейкіх асаблівых эмоцыяў на гэты конт я не адчуваю, я і так злачынца для лукашыстаў. Дык добра, гэта нагода інфармацыйная, а гэта значыць, што больш людзей падпішацца на мой «Інстаграм», бачу тут толькі добрае», – сказала Вольга Павук у размове з журналістам «Белсату».

Нагадаем, што «План: Б» – гэта адзінае незалежнае палітычнае і сацыяльнае нацыянальнае ток-шоу, удзельнікам якога можа стаць кожны. Гэта адзіная на «Белсаце» праграма, на якую збіраецца публіка і эксперты, каб у межах жывой дыскусіі абмеркаваць розныя праблемы і з’явы.

Наступнае выданне ток-шоу «План: Б» выйдзе ў эфір 20 сакавіка, і ў ім будзе весціся размова аб тым, як трэба партызаніць і ці трэба распраўляцца з прыхільнікамі рэжыму.

«Раім так званым сілавікам уважліва паглядзець праграму, для вас там будзе шмат цікавага», – паведамілі ў рэдакцыі ток-шоу.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны