«Забітыя склады – не заўсёды кепска». Чаму ў Беларусі не хапае складскіх памяшканняў?

Дэфіцыт складскіх памяшканняў, які ўтварыўся ў Беларусі, не абавязкова сведчыць аб тым, што справы ідуць кепска, лічыць прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч. «Гэта добрая рынкавая сітуацыя», – кажа ён. Але ёсць нюанс… Мы паразмаўлялі з экспертамі, каб прааналізаваць сітуацыю з недахопам складоў у Беларусі і зразумець, як яна будзе развівацца.

Не так даўно медыі паведаілі, што ў Беларусі рэзка зменшылася колькасць свабодных складоў. Сярод прычынаў гэтай сітуацыі называюцца тры асноўныя чыннікі: рост на складах запасаў нерэалізаванай прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў, абмежаванні грузавых перавозаў і высокі попыт на склады з боку расейскіх гандлёвых інтэрнэт-гігантаў («OZON», «Wildberries»), а таксама кампаніяў-дыстрыбутараў.

У Беларусі рэкордна выраслі запасы нерэалізаванай прадукцыі і не хапае складоў

Аналізуючы згаданыя чыннікі, Аляксандр Кныровіч выказаў думку, што насамрэч гэта тры розныя трэнды, якія паміж сабой звязаныя толькі ўскосна і якія нельга змешваць у адно.

Першы трэнд, кажа наш суразмоўца, – гэта павелічэнне складскіх запасаў на дзяржаўных прадпрыемствах. «Гэта істотны трэнд, які ўплывае на тое, што грошы дзяржавы, дзяржаўных прадпрыемстваў проста замарожваюцца на складах без асаблівых перспектываў, што недзе вырасце попыт, і туды можна будзе прадаць гэтую прадукцыю». Гэты трэнд наш суразмоўца назваў негатыўным і адзначыў, што можна чакаць хіба далейшага пагаршэння сітуацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнікі складу. Фота: Tiger Lily / Pexels.com

Другі трэнд – гэта імклівы рост онлайн-гандлю, прычым гэта адбываецца ва ўсім свеце. Адпаведна, растуць і расейскія «Wildberries», «OZON», невялікія беларускія прадпрыемствы. Як вынік, калі паглядзець на рынак нерухомасці, можна ўбачыць, што ў сферы арэнды офісаў – катастрофа (каля 20 % памяшканняў вакантныя), а на рынку складской нерухомасці ўсё добра (вакантныя толькі 3–4 %). Рост сектару онлайн-гандлю, які адбываецца нягледзячы на крызіс, прыводзіць да таго, што ў Беларусі загружаныя склады. «Але гэта не склады дзяржпрадпрыемстваў, – падкрэслівае Аляксандр Кныровіч. – Бо трэба адрозніваць гэтыя дзве групы: першая – склады, якія забіраюць пад сябе онлайн-рэтэйлеры, а другая – склады дзяржпрадпрыемстваў, і ніякіх онлайн-рэтэйлераў у іх быць не можа».

На думку нашага суразмоўцы, у будучыні можна чакаць далейшага росту долі онлайн-гандлю, які забірае кавалкі рынку ў рэальнага гандлю. Таму, падкрэслівае Аляксандр, гэты трэнд існуе, ён нікуды не дзенецца і будзе развівацца далей, пытанне толькі ў тым, што крызіс можа яго трошкі прытармазіць. «Але тое, што склады ў Беларусі загружаны, – добры паказнік таго, што ў гэтай частцы ў нас усё нармальна», – адзначае эксперт.

І нарэшце трэці трэнд – гэта зніжэнне грузазвароту транспарту на траціну ў параўнанні з мінулым годам. Ён звязаны ў першую чаргу з санкцыямі і закрыццём межаў. Якія тэндэнцыі можна чакаць у гэтай галіне?

«Тут усё ўжо здарылася, – гаворыць Аляксандр Кныровіч. – На самай справе гэта ўзровень нейкага дна. Адзінае, канечне, калі Польшча ці Літва прымуць рашэння закрыць мяжу – тады будзе яшчэ горш. Але я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца, таму што ёсць Кітай, які патрабуе, каб грузы перамяшчаліся праз Беларусь».

Адказваючы на пытанне, што трэба зрабіць, каб сітуацыя са складамі для e-commerce змянілася, наш суразмоўца адказаў, што «e-commerce будзе жыць і пры сённяшнім рэжыме, і пры новай Беларусі, дзе ўвогуле расквітнее». Гэта, на яго думку, нармальны, жывы камерцыйны рынак, які будзе расці з неабходным яму тэмпам. «І тут не трэба нічога рабіць, – адзначае эксперт, – рынак сам усё адрэгулюе. Калі будуць забітыя склады, значыць, трошкі падымуцца стаўкі, за год-паўтара-два людзі, якія не баяцца вайны і дэпрэсіі, пабудуюць яшчэ нейкую колькасць складоў. Рынак будзе жыць сваім рэальным жыццём, і гэта той выпадак, калі ніякіх захадаў дзяржаўнага рэагавання рабіць не трэба».

Здымае мае ілюстрацыйны зарактар. Лагістычны склад. Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Гаворачы пра бурнае развіццё сегменту e-commerce, Аляксандр Кныровіч адзначыў: відавочна, на гэтым рынку адбіліся накладзеныя санкцыі, і «Wildberries» і «OZON» пачынаюць займаць усё большую долю нашага рынку на шкоду беларускім кампаніям. Бо ў гэтых гігантаў нашмат больш магчымасцяў, у тым ліку звязаных з паралельным імпартам, чым у невялікіх беларускіх кампаніяў. Апошнія заведама застаюцца ў горшых умовах.

Але, адзначае эксперт, цікава тое, як урад Беларуі адносіцца да гэтых расейскіх кампаніяў. Ён успомніў скандал, калі «Wildberries» увяла неабгрунтаваны плацеж за вяртанне рэчаў. «Там, – кажа Кныровіч, – дзе да беларуса прыйшоў бы ДФР, «закрыў» бы яго, пасля чаго чалавек доўга б тлумачыў у СІЗА, чаму ён так зрабіў, з «Wildberries» спагналі штраф на некалькі соцень рублёў і забавязалі вярнуць невялікія сумы кліентам. Толькі прыязджайце, толькі працуйце з намі».

Пацвердзіла факт актывізацыі на беларускім кірунку расейскіх кампаніяў са сферы e-commerce і старшая навуковая супрацоўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў «BEROC» Настасся Лузгіна. Яна адзначыла, што цяпер сапраўды назіраецца рост паралельнага імпарту ў Расеі, які ў гэтым годзе значна павялічыўся. Прадстаўнікі e-commerce прыстасаваліся да сітуацыі і пачалі здзяйсняць пастаўкі – у тым ліку і праз Беларусь, Казахстан.

Настасся падкрэсліла, што «расейскі e-commerce узмацняе сваю пазіцыю на рынку рэтэйлу ў Беларусі. І сітуацыя як мінімум не зменіцца. Тое, што раней пастаўлялася з Польшчы і іншых краін Еўразвязу, будзе больш актыўна замяшчацца «OZON». Гэта могуць быць кітайскія аналагі ці больш дарагі паралельны імпарт з таго ж Еўразвязу. Калі нічога не адбудзецца, – мяркуе Настасся Лузгіна, – сітуацыя будзе развівацца ў гэтым кірунку». Але ў будучыні, адзначыла экспертка, магчымая стабілізацыя аб’ёмаў па меры насычэння рынку.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны