Журы прэміі Міхала Анемпадыстава, якой ганаруюць за найлепшую кніжную вокладку, вызначыла васьмярых фіналістаў. Кароткі спіс вызначалі рэйтынгавым галасаваннем, сябры журы ацэньвалі кожную вокладку паводле 10-бальнай шкалы. Сумы балаў паказалі фіналістаў.
Журы прэміі Міхала Анемпадыстава абвесціла кароткі спіс прэтэндэнтаў на ўзнагароду, мэта якой – адзначыць найлепшыя дызайнерскія рашэнні кніжных вокладак года.
Цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Анемпадыстава за 2022 год адбудзецца 7 траўня 2024 года ў Музеі Вольнай Беларусі па вуліцы Foksal, 11, у Варшаве. Пачатак цырымоніі а 18:00. Уваход вольны.
На прэмію былі намінаваныя 14 вокладак, з якіх журы выбрала 8 фіналістаў.
Выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы».
Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае».
Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак бяды».
Яна Галушкіна, «VEHA» – вокладка кнігі «VEHA» «Людзі лесу / Ludzi lesu».
Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся».
Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых».
Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма».
Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА».
У складзе журы за 2022 год: арт-менеджарка, заснавальніца мастацкіх галерэяў Ганна Чыстасердава; журналістка-фрылансэрка, фатографка Вольга Бубіч; медыямастак, ўэб-распрацоўнік Максім Тымінько; мастак Андрэй Дурэйка; графічны дызайнер, заснавальнік дызайнерскай студыі Артур Вакараў.
Генеральны партнёр прэміі – «Белсат».
Гэтая прэмія заснаваная ў 2019 годзе ў гонар асобы шматлікіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Першым пераможцам прэміі стаўся Грыгорый Кацнэльсон за вокладку кнігі «Віленскі покер» Рычардаса Гавяліса.
У 2021 годзе пераможцай была дызайнерка Алена Дашкевіч за вокладку кнігі «Простыя словы. Міхал Анемпадыстаў». Апошні раз прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі цырымонію зладзілі не ў Беларусі. Пераможцам тады быў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.
Сцяпан Кубік belsat.eu