Пенсіянера аштрафавалі за чырвоную паласу на белым цагляным плоце

На 435 рублёў адміністрацыйная камісія Гомельскага райвыканкаму аштрафавала пенсіянера МУС, жыхара паселішча Чонкі Міхаіла Русака. Усяму віной – чырвоная паласа на белым цагляным плоце, перадаюць Naviny.by.

Міхаіл Русак. Фота: радыё «Свабода»

Пратакол быў складзены паводле артыкулу 22.9 КаАП («Самавольныя пераабсталяванне, перафарбоўванне ці іншае змяненне гаўбцоў, лоджыяў і іншых архітэктурных і канструктыўных элементаў фасадаў жылых дамоў, іншых будынкаў і збудаванняў»). У пратаколе зазначана, што мужчына «адвольна перафарбаваў фасад дому і плот у незарэгістраваную сімволіку (бел-чырвона-белыя сцягі)».

Плот Міхаіла Русака. Фота: радыё «Свабода»

Міхаіл Русак у разглядзе пратаколу не ўдзельнічаў.

«Я даведаўся за паўдня да разгляду. Я не змог трапіць на гэты разбор. Там ад самага пачатку былі парушэнні. Мне даслалі позву, што на мяне складзены пратакол за парушэнне правілаў утрымання жывінаў! Я ім патэлефанаваў, патлумачыў, што ў мяне адзін кот. Тады яны перапісалі позву і даслалі новую – за нібыта парушэнне архітэктурных правілаў, самавольную змену фасада будынку», – паведаміў Міхаіл.

У лютым міліцыя ўжо праводзіла праверку па факце «чырвона-белага плота», аднак не стала складаць адміністратызнага пратаколу.

Міліцыя спыніла справу супраць пенсіянера МУС за БЧБ-плот

Да гэтага пенсіянер напісаў заяву ў міліцыю, у якой прасіў растлумачыць: як і калі, у які колер ён мае права фарбаваць свой плот і якім нарматыўным актам рэгламентуецца колер плота. Аднак адказу не атрымаў.

«Я не фарбаваў яго, як піша адміністрацыйная камісія, у белы і чырвоны колер! Гэта белая цэгла, яе не трэба фарбаваць. У маёй вёсцы шмат закінутых дамоў. Але ўлады звяртаюць увагу толькі на колер майго плота», – пракаментаваў Русак.

Раней пенсіянера аштрафавалі за размешчаны на акне аркуш А4, на якім была чырвоная паласа.

АД, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны