Затрыманым за вывешванне сцягоў на апоры ЛЭП выставілі абвінавачанні

Следчы камітэт раскрыў падрабязнасці расследавання справы па факце вывешвання бела-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны на апоры лініі электраперадачы на скрыжаванні вуліц Рафіева і Семянякі ў Менску. Па справе, як пішуць праваабаронцы, затрымалі шасцярых жыхароў сталіцы.

Сцяг, вывешаны на апоры ЛЭП Фота: скрыншот з відэа МУС/euroradio.fm

Мужчыны ва ўзросце 36 гадоў, датычныя, па версіі сілавікоў, да вывешвання сцягоў, былі затрыманыя ў кастрычніку 2022 года падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

Паводле Следчага камітэту, у дачыненні да затрыманых былі выяўлены таксама іншыя эпізоды «супрацьпраўнай дзейнасці». У залежнасці ад ролі кожнага менчукам былі прад’яўленыя абвінавачанні па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу Беларусі: частка 2 артыкула 339 (Злоснае хуліганства); артыкул 361-2 (Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці); частка 1-я артыкула 368 (Публічная абраза Лукашэнкі); частка 4-я артыкула 361-4 (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

На думку праваабаронцаў, гаворка вядзецца пра Ігара Цяпцеева, Юрыя Несцярэнку, Віктара Грынько, Валерыя Балабешку, Уладзіміра Савельева і Ігара Цікача.

Як сцвярджаецца на сайце Следчага камітэту, пяцёра мужчын з санкцыі пракурора былі ўзятыя пад варту.

Раман Шавель belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны