Беларускія ВНУ распачынаюць прыём дакументаў ад абітурыентаў
2023.07.17 11:06
У Беларусі 17 ліпеня пачынаецца асноўны этап уступнай кампаніі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ён працягнецца да 25 ліпеня.
Тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ў 2023 годзе былі вызначаныя пастановай Міністэрства адукацыі № 155 ад 12 траўня 2023 года.
Дакументы ад абітурыентаў будуць прымацца:
з 17 да 25 ліпеня – у дзяржаўных навучальных установах за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове;
з 17 да 27 ліпеня – на дзённай форме навучання на кірунках адукацыі «Сельская гаспадарка», «Ветэрынарыя», «Рыбная гаспадарка» і «Ахова працы» (за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове) і на ўсіх спецыяльнасцях у Вайсковай акадэміі Рэспублікі Беларусь і Інстытуце памежнай службы Рэспублікі Беларусь, а таксама на вайсковых факультэтах і вайсковым інстытуце без права юрыдычнай асобы ва ўстанове вышэйшай адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў;
з 15 лістапада да 5 снежня – на завочную форму атрымання адукацыі ў навучальных установах сельскагаспадарчага профілю за кошт бюджэтных сродкаў і на платнай аснове.
Ахвочыя вучыцца на платнай аснове могуць падаць дакументы ў наступныя тэрміны:
з 17 ліпеня да 3 жніўня – у Акадэміі МУС, Магілёўскі інстытут МУС, Універсітэт грамадзянскай абароны МНС;
з 17 ліпеня да 10 жніўня – на дзённую форму атрымання адукацыі на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях;
з 17 ліпеня да 9 жніўня – у іншыя ВНУ;
з 15 лістапада да 5 снежня – на завочную форму навучання ў адукацыйных установах сельскагаспадарчага профілю.
З 17 да 19 ліпеня вызначаны тэрмін падачы дакументаў для выпускнікоў:
профільных класаў педагагічнай накіраванасці, спартова-педагагічнай накіраванасці пры ўмове паступлення на педагагічныя, спартова-педагагічныя спецыяльнасці;
тых, якія засвоілі змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі падчас вучобы ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку і пры ўмове паступлення на спецыяльнасці профіляў адукацыі «Тэхніка і тэхналогіі», «Натуральныя навукі».
Вызначаныя наступныя тэрміны правядзення ўступных іспытаў:
з 26 да 28 ліпеня – ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
з 28 да 29 ліпеня – на вайсковым факультэце Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ім. Я. Купалы;
з 26 ліпеня да 2 жніўня – у іншых ВНУ;
з 28 ліпеня да 2 жніўня – на дзённую форму навучання на сельскагаспадарчых спецыяльнасцях;
з 6 да 15 снежня – на завочную форму навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.
Тэрміны залічэння абітурыентаў на навучанне за кошт бюджэту:
да 30 ліпеня – у Вайсковай акадэміі РБ, Інстытуце памежнай службы РБ, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, на вайсковых факультэтах у ВНУ;
да 4 жніўня – у іншых дзяржаўных ВНУ (акрамя завочнай формы навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю);
да 20 снежня – на завочную форму навучання ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.
Залічэнне на платнае навучанне адбудзецца:
да 11 жніўня – ва ўсе ВНУ, акрамя завочнай формы ВНУ сельскагаспадарчага профілю;
да 20 снежня – на завочную форму ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.