Новыя палітвязні і крымінальная справа супраць журналіста. Рэпрэсіі за 17 ліпеня

«Белсат» працягвае расказваць пра рэпрэсіі беларусаў, якія чыніць рэжым Лукашэнкі. Сабралі факты пераследу, пра якія стала вядома 17 ліпеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

У Беларусі восем новых палітвязняў. Гэта Сяргей Кемеж, Кацярына Леў, Дзяніс Салагуб, Алег Кардаш, Дзмітрый Утоўка, Святлана Баканава, Вадзім Каўшоў, Наталля Чавусава. Усяго палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 1487 чалавек.

Сілавікі затрымалі студэнтку 4 курсу юрыдычнага факультэту і абвінавацілі яе ў тым, што яна выкарыстоўвала ў дыпломнай працы «экстрэмісцкія крыніцы». У выніку гэтага яе адлічылі з універсітэту. Пазней затрымалі і аўтарку дыплому, у якой дзяўчына замовіла працу. За распаўсюд «экстрэмісцкіх»матэрыялаў ёй прысудзілі содні арышту.

У Менску 17 ліпеня затрымалі журналіста Ігара Карнея. Спачатку дачка Карнея распавядала, што яго арыштавалі на 10 содняў і адправілі на Акрэсціна. Удома ў журналіста прайшоў ператрус. Пазней стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу.

Ігар Карней. Фота: Радыё Свабода

ГУБАЗіК затрымаў двух жыхароў Менску за ўдзел у пратэстах. Падчас затрымання сілавікі здзекаваліся: аднаго з іх паставілі на калені, апранулі кайданкі, абгарнулі ў бчб-сцяг, а на галаву паклалі прэзерватывы.

За ўдзел у акцыі пратэсту ў Менску ў 2020 годзе асудзілі Аляксея Скірду паводле ч. 1 арт. 342 КК. Справу разглядала суддзя Марына Клімчук. Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады і шэсць месяцаў.

У Менскім гарадскім судзе 10 ліпеня пачалі судзіць 34-гадовага палітзняволенага жыхара Чыжоўкі Яўгена Верхаводкіна. Яго затрымалі падчас «хапуна» ў Чыжоўцы ў снежні 2022 года і змясцілі пад варту паводле арт. 342 КК за ўдзел у акцыях пратэсту. Аднак цяпер яго судзяць за «заклікі да санкцыяў» (ч. 3 арт. 361 КК) і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім» (ч. 1 арт. 361-1 КК). Яўгену пагражае да 12 гадоў калоніі.

Лукашэнка падпісаў закон, паводле якога можна будзе судзіць памерлых

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны