Намеснік Святланы Ціханоўскай, прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі распавёў пра вынікі апытання аб новым нацыянальным пашпарце Беларусі, якое праходзіла на платформе «Голас».
«Трохі больш за тыдзень таму мы прэзентавалі праект новага нацыянальнага пашпарту Беларусі. Мы ўражаныя запытам: за такі кароткі тэрмін удзельнікі апытання выказалі намер атрымаць больш за 57 000 пашпартоў. Тысячы з іх пазначылі, што плануюць звяртацца па пашпарт не толькі для сябе, але і разам з чальцамі сваіх сем’яў», – распавёў Кавалеўскі.
Жаданне атрымаць новы нацыянальны пашпарт выказалі беларусы з розных куткоў свету, у тым ліку з ЗША, Канады і іншых дзяржаваў.
«Нас асабліва натхніла, што больш за траціна ўдзельнікаў апытання зараз пражываюць у Беларусі, хоць мы і акцэнтавалі ўвагу на тым, што з меркаванняў бяспекі праект пакуль арыентаваны на беларусаў замежжа. Уражвае, што самай папулярнай прычынай патрэбы ў новым пашпарце апытаныя назвалі непрыняцце рэжыму і яго акупацыйных сімвалаў», – зазначыў прадстаўнік Кабінету.
Амаль палова ўдзельнікаў апытання пражываюць у Еўразвязе, таму больш прагматычнымі прычынамі згодна з апытаннем сталі ў тым ліку заканчэнне тэрміну дзеяння пашпарту і цяжкасці з абменам дакументу ў беларускіх афіцыйных консульствах за мяжой. Апытанне паказала, што мінімум 2 тысячы чалавек маюць патрэбу ў аднаўленні пашпарту ўжо зараз.
«Гэта можа быць «верхавінай айсбергу». Гэты вынік таго, што ўстановы рэжыму не выконваюць сваіх абавязкаў перад грамадзянамі, якія жывуць у замежжы, – кажа Валер Кавалеўскі. – Таму мы бяром частку функцый па дакументацыі беларускіх грамадзян на сябе. Нездарма ў апытанні найбольш важнай перавагай новага пашпарта беларусы назвалі свабоду ад кантролю дыктатуры, якую ён дае ўладальніку».
Намеснік Святланы Ціханоўскай дзякуе ўсім, хто прыняў удзел у апытанні:
«Вы дапамаглі нам ацаніць аб’ём запыту на новы беларускі пашпарт, гэта нам спатрэбіцца таксама і ў працы па дасягненні міжнароднага прызнання пашпарта. Хачу таксама падзякаваць Паўлу Ліберу і камандзе платформы «Голас», якія камунікацыйна падтрымліваюць гэты праект, спадзяюся, гэтае супрацоўніцтва працягнецца ў выкананні гэтай задачы».
Праект новага нацыянальнага пашпарту быў прадстаўлены на канферэнцыі «Новая Беларусь», якая прайшла 6 жніўня.
Праект нацыянальнага пашпарта Беларусі з’явіўся ў адказ на запыт беларусаў-эмігрантаў, якія былі вымушаныя зʼехаць з краіны праз пагрозу палітычнага пераследу, а цяпер сутыкаюцца з праблемай страты дакументаў або завяршэння тэрміну іх дзеяння.
У выніку Абʼяднаны пераходны кабінет распрацаваў праект праязнога дакумента, які будзе выдавацца без удзелу афіцыйных органаў дзяржавы. На працягу года Святланай Ціханоўскай і яе камандай былі праведзены перамовы і кансультацыі з кіраўніцтвам Еўракамісіі і шэрагам нацыянальных урадаў. Эскіз пашпарта прадстаўлены Камітэту па праязных дакументах Еўракамісіі, дасягнута разуменне і станоўчае ўспрыманне праекта.
Пашпарт будзе біяметрычным машыначытэльным дакументам, які адпавядае ўсім міжнародным патрабаванням.
Марыя Міхалевіч belsat.eu