Белстат абнародаваў звесткі пра рэальныя даходы насельніцтва за 8 месяцаў года. Яны знізіліся на 3,6% у параўнанні са студзенем – жніўнем летась.
Белстат на сваім сайце абнародаваў звесткі пра рэальныя грашовыя даходы насельніцтва. У студзені – жніўні сёлета яны скараціліся на 3,6% у параўнанні з гэтым жа перыядам летась.
У агульным аб’ёме даходаў 65% – гэта заробкі, 22% – пенсіі, грашовая дапамога і іншыя трансферты грамадзянам, крыху больш за 8% – даходы ад прадпрымальніцтва і іншай дзейнасці, што дае прыбытак, і амаль 5% – даходы ад уласнасці і іншыя даходы, удакладняе Белстат.
Рэальныя грашовыя даходы беларусаў зніжаюцца цягам усяго года. За студзень – чэрвень яны ўпалі на 2,7%, за студзень – травень – на 2,1%, за студзень – красавік – на 1,2%. Гэта больш, чым у крызісны 2011 год (мінус 1,1%) ці 1999 год (мінус 2,4%). Эканаміст Леў Марголін раней прагназаваў, што рэальныя даходы сёлета абрынуцца на 10%.
Сяргей Крот belsat.eu