Аб’яднаны пераходны кабінет падвёў вынікі працы за першыя сто дзён і распавёў пра далейшыя планы

Аб’яднаны пераходны кабінет Беларусі выпусціў прэс-рэліз да першых ста дзён сваёй дзейнасці і распавёў, што атрымалася зрабіць за гэты перыяд. Таксама Кабінет падзяліўся бліжэйшымі планамі на паўгода. З поўнай версіяй справаздачы Кабінету можна азнаёміцца па спасылцы.

Прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінету. На здымку (злева направа) – Павел Латушка, Аляксандр Азараў, Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі і Валер Сахашчык. Вільня, Літва. 9 жніўня 2022 года. Фота: Белсат

Пераходны кабінет выдзеліў чатыры напрамкі сваёй дзейнасці:

  • Абарона і аднаўленне законнасці
  • Міжнародны ціск на рэжым і стварэнне новых магчымасцяў для дэмакратычных сілаў
  • Падрыхтоўка транзітнага перыяду
  • Нацыянальнае адраджэнне Беларусі

Цяпер Кабінетам выбудоўваюцца адносіны ў галіне ваенна-палітычнага супрацоўніцтва з ключавымі міжнароднымі партнёрамі. Утворана і функцыянуе сістэма падрыхтоўкі ўдзельнікаў мерапрыемстваў па аднаўленні законнасці ў Беларусі і абароне яе незалежнасці, наладжана працэдура верыфікацыі ўдзельнікаў. Кансалідацыя і навучанне ўдзельнікаў вядзецца ў «Харугвах» – добраахвотных аб’яднаннях беларусаў.

Таксама наладжваецца сістэма матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння дзейнасці беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне і рэгулярных трэніровачных збораў «Харугваў».

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская інфармуе прадстаўнікоў замежных краін пра заснаванне Кабінета і яго асноўныя мэты на ключавых міжнародных форумах і падчас афіцыйных сустрэч высокага ўзроўню. Іншыя прадстаўнікі Кабінету таксама ўдзельнічалі ў буйных міжнародных і нацыянальных палітычных форумах і правялі шэраг афіцыйных сустрэч.

У Бруселі заснавана місія дэмакратычнай Беларусі, узначаленая намеснікам прадстаўніка па замежных справах Кабінета Уладзімірам Астапенкам, заснаваны Офіс дэмакратычных сіл Беларусі ў Празе, чакаецца адкрыццё такіх прадстаўніцтваў у іншых краінах.

Адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця міжнародных адносінаў стала наладжванне афіцыйных сувязяў з уладамі Украіны.

Аб’яднаны пераходны кабінет працуе ўжо сто дзён. Што ён зрабіў за гэты час?

Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка разам са сваёй камандай працягнуў працу, накіраваную на актывізацыю міжнародных расследаванняў злачынстваў беларускіх сілавікоў у межах універсальнай юрысдыкцыі. Прадстаўнік па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандр Азараў і арганізацыя «BYPOL» актыўна здабываюць інфармацыю пра адказных за рэпрэсіі і склад здзейсненых злачынстваў.

За мінулы перыяд удалося арганізаваць і запусціць кампанію «Кадравы рэзерв для новай Беларусі», які прадугледжвае падбор і якасную падрыхтоўку кіраўнічых кадраў для цэнтральных і мясцовых органаў улады для новай Беларусі.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык здолела наладзіць працоўныя адносіны з найбольш буйнымі беларускімі незалежнымі культурніцкімі ініцыятывамі і экспертнай супольнасцю ў галіне культуры і адукацыі, як за межамі, так і ўнутры Беларусі.

А вось якія планы Кабінета на бліжэйшыя 6 месяцаў:

  • Працяг працы па легітымізацыі Кабінета на міжнароднай палітычнай арэне. Наладжванне ўстойлівых працоўных адносінаў з дзяржаўнымі органамі ўлады Украіны з мэтай сумеснага супрацьстаяння расейскай агрэсіі і дэакупацыі Беларусі.
  • Далейшая кансалідацыя дэмакратычных сілаў Беларусі, наладжванне супрацоўніцтва са згуртаваннямі беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, прыцягненне да працы ў Кабінеце новых спецыялістаў. Нарошчванне патэнцыялу сілавога блока да ўзроўню, неабходнага для выканання ключавых задач.
  • Працяг санкцыйнага ціску на рэжым і яго прадстаўнікоў. Дапрацоўка плана дзеянняў на транзітны перыяд.
  • Далейшая акумуляцыя міжнароднай падтрымкі Беларусі з выкарыстаннем новых магчымасцяў: прадстаўніцтва ў Радзе Еўропы, працы прадстаўніцтваў дэмакратычных сілаў у краінах ЕЗ і Украіне.
  • Актывізацыя расследаванняў крымінальных спраў у рамках універсальнай юрысдыкцыі.
  • Прызначэнне прадстаўніка па фінансах і эканоміцы і прадстаўніка па сацыяльных пытаннях. Пошук крыніц устойлівага фінансавання дзейнасці Кабінета.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны