Следства ў «справе TUT.BY» завершанае, у хуткім часе дакументы перададуць пракурору, паведаміў першы намеснік старшыні Следчага камітэту Алег Шандаровіч. Паводле ягоных словаў, амаль усе фігуранты «цалкам кампенсавалі шкоду».
Першы намеснік старшыні Следчага камітэту Алег Шандаровіч паведаміў БелТА пра завяршэнне следства ў «справе TUT.BY». Усе фігуранты азнаёміліся з матэрыяламі. Бліжэйшым часам крымінальную справу перададуць пракурору.
«Частка абвінавачаных сапраўды праходзіць паводле экстрэмісцкіх артыкулаў, але гэтая справа пачыналася з абвінавачання ў нявыплаце падаткаў, і менавіта гэты артыкул затаецца асноўным. Большасць фігурантаў абвінавачваецца ў нявыплаце падаткаў. Амаль усе яны заявілі хадайніцтвы кіраўніку дзяржавы аб памілаванні, кампенсавалі шкоду ў поўным абʼёме і ўнеслі крымінальна-прававую кампенсацыю», – сказаў Шандаровіч.
Паводле яго, амаль усе абвінавачаныя супрацоўнічалі са следствам, таму ім змянілі меру стрымання. Цяпер пад вартай застаюцца толькі двое фігурантаў.
Справу аб «нявыплаце падаткаў» Камітэт дзяржкантролю завёў у траўні летась. 15 працаўнікоў TUT.BY былі арыштаваныя і змешчаныя ў СІЗА. Праваабаронцы прызналі іх усіх палітвязнямі.
У жніўні 2021 года суд у Менску прызнаў рэсурс экстрэмісцкім, у чэрвені 2022 года экстрэмісцкай абвесцілі арганізацыю «ТУТ БАЙ МЕДИА». Суд пастанавіў зліквідаваць яе і забараніць сімволіку выдання.
У кастрычніку 2021 года СК завёў справу ў дачыненні службовых асобаў і працаўнікоў «ТУТ БАЙ МЕДИА» ды іншых асобаў крымінальную справу за «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненае групай асобаў».
У «падатковай справе» за кратамі дагэтуль застаюцца генеральная дырэктарка TUT.ВY Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава. Астатніх фігурантаў вызвалілі з СІЗА, але абвінавачанняў не знялі. З усіх фігурантаў прысуд вынеслі толькі Дар’і Данілавай – менеджарцы TAM.BY (сэрвіс быў у складзе «ТУТ БАЙ МЕДИА») і дырэктарцы «RocketData». Ёй прызначылі 1 год 4 месяцы калоніі і адпусцілі ў зале суда, залічыўшы тэрмін, што яна правяла ў следчым ізалятары.
Двух фігурантак справы, журналістак Вольгу Лойку і Алену Талкачову, КДБ унёс у «спіс тэрарыстаў».
Сяргей Крот belsat.eu