Сына палітзняволенай актывісткі Таццяны Канеўскай асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў»

8 лістапада ў судзе Цэнтральнага раёну Гомля разглядалі адміністратыўную справу ў дачыненні Аляксандра Канеўскага, сына палітзняволенай гомельскай актывісткі Таццяны Канеўскай, паведамляе «Гомельская вясна».

Аляксандр Канеўскі, сын палітзняволенай Таццяны Канеўскай. Гомель, Беларусь. 8 красавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Справу вяла суддзя Алеся Восіпава. Яна прызнала Аляксандра Канеўскага вінаватым паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП РБ «Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, залучанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавоз з мэтаю распаўсюду такой інфармацыі».

У пастанове суда ў віну Аляксандру ставіцца тое, што «ў мэсэнджары Telegram шляхам адпраўкі асабістага паведамлення ажыццявіў распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі ў выглядзе артыкулу з суполак, залучаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».

«Наша мама ў палоне». Пакуль палітзняволеная Таццяна Канеўская за кратамі, ад рэпрэсіяў цярпіць уся сям’я

Мужчыну пакаралі 15 соднямі арышту.

Маці Аляксандра, Таццяна Канеўская, ужо трэці год застаецца за кратамі. Жанчыну затрымалі яшчэ да выбараў, 6 жніўня 2020 года. У траўні 2021-га яе засудзілі да 6 гадоў калоніі за ўдзел у масавых закалотах (ч. 2 арт. 293 КК РБ) і захоп будынкаў і збудаванняў (арт. 292 КК). Таццяна была даверанай асобаю Святланы Ціханоўскай у Гомлі. Акрамя таго, жанчына ўваходзіла ў Матчын рух 328. У 2019 годзе балатавалася на парламенцкіх выбарах.

У Таццяны Канеўскай чацвёра сыноў. Самаму малодшаму, Георгію, на момант затрымання маці было 12 гадоў. Пацярпелі ад рэпрэсіяў і яшчэ два сыны: Дзмітрыя затрымалі ў пачатку 2021 года і засудзілі на тры гады калоніі за распальванне варожасці (арт. 130 КК РБ), ён цалкам адбыў тэрмін пакарання і выйшаў на волю ў сярэдзіне кастрычніка 2023 года, Аляксея затрымлівалі і кідалі за краты на содні.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны