Следчы камітэт Расеі адмовіўся заводзіць крымінальную справу супраць Антона Красоўскага, які ў тэлеэфіры заклікаў «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей. Пра гэта паведаміў маскоўскі дэпутат Яўгеній Ступін, ён атрымаў адказ на сваю скаргу. Цяпер праверку правядзе паліцыя.
Дэпутат Маскоўскай гарадской думы Яўгеній Ступін атрымаў ад Следчага камітэту адказ на свой зварот. Раней ён паскардзіўся ў ведамства на выказванні прапагандыста Антона Красоўскага, які ў эфіры RT заклікаў «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей.
У адказе СК піша, што ў дэпутацкім звароце няма «звестак аб учыненым злачынстве або тым, што рыхтуецца, супраць непаўналетніх або з іх удзелам».
Скаргу Ступіна перанакіравалі ў маскоўскае ўпраўленне ўнутраных справаў для «аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў».
У кастрычніку Антон Красоўскі падчас інтэрв’ю з пісьменнікам Сяргеем Лук’яненкам заявіў, што на захопленых тэрыторыях дзяцей, якія кажуць, што Украіна акупаваная Расеяй, «наўпрост тапіць такіх трэба было, вось проста тапіць гэтых дзяцей».
«Сказаў, што маскалі акупавалі, – і адразу проста кідаеш у раку з бурнаю плынню. …У «смэрэкову хату» і – спаліць», – заклікаў Красоўскі.
Пасля гэтага яго звольнілі з RT, а кіраўнік Следчага камітэту Расеі даручыў праверыць выказванні прапагандыста. У паведамленні СК заклік «тапіць і паліць» украінскіх дзяцей называліся «рэзкімі заявамі».
Сяргей Крот belsat.eu