Лукашэнку занепакоілі ўцёкі капіталу за мяжу. Скончыліся грошы?

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці «маланкавых» захадаў у змаганні з адцёкам капіталу і назваў умовы для інвестараў у Беларусі «аднымі з найлепшых». Эканаміст Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» растлумачыў, чаму ўцёкі грошай выклікалі занепакоенасць, папярэдзіў пра пагрозу экспансіі расейскага бізнесу і параўнаў інвестыцыйны клімат у нашай краіне з нябожчыкам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

На нарадзе 18 студзеня Аляксандр Лукашэнка патурбаваўся пра адцёк капіталу з Беларусі. Асабліва яго абурыла, што грошы выводзяць у «несяброўскія краіны»:

«Маюцца кампаніі – нашыя, не нашыя. Атрымалі прыбытак, грошы нейкія – і вывелі за межы Беларусі. Грошы, што зарабілі нашыя людзі, выводзяцца за межы Беларусі і там працуюць на розных нягоднікаў, якія ўводзяць супраць нас санкцыі».

Палітык упэўнены, што «загараджальныя захады мусяць улучацца маланкава і без усялякай раскачкі».

Як менавіта плануецца спыніць вывад грошай, пакуль не вядома. Заяваў чыноўнікаў на гэты конт пасля нарады не было.

За вывад бізнесу з Беларусі могуць узяць да 100 % маёмасці. Кныровіч пра новую пастанову

Акрамя таго, Лукашэнка сказаў, што ў Беларусі створаныя «адныя з найлепшых» умоваў для інвестараў: прэферэнцыі, ільготы, інфраструктура, кампетэнцыі. «Прыходзь і працуй, але не дзеля нажывы за кошт нашага народу. А калі нехта паспрабуе, маюцца механізмы супрацьдзеяння і ўразумлення», – прыгразіў кіраўнік рэжыму.

Адначасова ён пацвердзіў намер і надалей «аніякай маёмасці нікому не прадаваць і не перадаваць, калі ў выніку санкцыяў або з іншых прычынаў замежнікі, якія маюць тут уласнасць, прадпрыемствы, кампаніі, сыходзяць з нашага рынку».

«Дасвідос, мы разбярэмся самі. Як паказвае той жа McDonald’s, мы выдатна ў гэтым разабраліся. Людзі з задавальненнем ходзяць туды», – заявіў палітык.

«МакДоналдс» на плошчы Бангалор. Менск, Беларусь. 15 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

У 2021 годзе адцёк капіталу з Беларусі склаў $1,5 млрд, у 2022-м – узляцеў да $3,6 млрд. За студзень–верасень летась з краіны вывелі каля $1,2 млрд.

Старэйшы навуковы працаўнік даследчага цэнтру BEROC Дзмітрый Крук у размове з «Белсатам» растлумачыў, што на гэтае пытанне звярнулі ўвагу праз пагаршэнне вонкавага гандлю:

«Праблема набірае вастрыню. Апошнія два гады сальда было вонкавага гандлю было плюс-мінус прывабным, і гэта трошкі змякчала напал праблемы. Цяпер, калі стан гандлю пачаў пагаршацца (а забаронамі з ім нічога не зробіш, сказаць экспарту: «Расці!» не ўдасца), пастанавілі больш сфакусавацца на каналах адцёку капіталу».

Акрамя таго, як падкрэсліў аналітык, улады ў Менску не можа не хваляваць экспансія расейскага бізнесу, якога так проста не вытурыш з Беларусі, прысабечыўшы ўласнасць:

«Недахоп ахвочых весці бізнес у Беларусі можа кампенсавацца жаданнем расейцаў пашыраць тут сваю сферу ўплыву, і шмат у чым на нарадзе гэта ўсплывала».

Крук канстатаваў, што цяпер інвестар у добрым розуме ўкладаць грошы ў Беларусь не стане. Расейцаў гэта не тычыцца.

«Пойдуць тыя, хто добра разумеюць існыя рызыкі. Часцей за ўсё гэта будзе нейкая палітычная афіляванасць або нейкая палітычная ўгода з надзеяй, што яна дасць вынікі. Такой стратэгіі можа прытрымлівацца расейскі бізнес, бо для яго такое асяроддзе плюс-мінус зразумелае. Шмат хто з расейскага бізнесу разумее, што іх пакараць, паказальна адабраць уласнасць будзе праблематычна», – сказаў эканаміст цэнтру BEROC.

Пра інвестыцыйны клімат у Беларусі цяпер слушна казаць, як пра нябожчыка: або добрае, або нічога.

«Сам па сабе тэрмін «інвестыцыйны клімат» у дачыненні да сённяшняй Беларусі не мае ніякага сэнсу. Пра гэта я кажу: «Тое, што памерла, другі раз памерці не можа». Для гэтага трэба спачатку ўваскрэснуць», – з іроніяй адзначыў эксперт.

Перашкодзіць адцёку грошай за мяжу можна розным чынам. Самы просты – забараніць замежнікам прадаваць уласнасць, і гэты інструмент у Менску ўжылі першым, яшчэ ўлетку 2022 года.

«Другі інструмент – не тое, што больш тонкі, але не такі дубаломны, – абмежаванні на ўсе магчымыя фінансавыя трансакцыі», – заўважыў Крук, канстатаваўшы, што тут ужо і без цяперашніх уладаў далі рады: беларускія банкі страчваюць партнёраў, і гэта ўскладняе вывад капіталу, прычым не толькі для бізнесу, але і для людзей.

І яшчэ адна зброя, якую могуць ужыць улады ў змаганні за грошы, – валютныя абмежаванні. «Гэта цывілізаваны інструмент, кожная краіна можа яго выкарыстоўваць. Зараз ён не працуе на ўсю моц, бо фокус на тых больш дубаломных інструментах», – патлумачыў суразмоўца «Белсату».

Улады Беларусі прысабечылі былы «McDonald’s». Уласнікі спадзяюцца на Вярхоўны суд

Сцяпан Кубік belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны