Аляксандр Класкоўскі пра заявы Лукашэнкі адносна прызнання «ДНР» і «ЛНР»: Ён мусіць падгульваць Пуціну

18 лютага Аляксандр Лукашэнка ў чарговы раз сустрэўся з Уладзімірам Пуціным у Маскве, а Святлана Ціханоўская ў гэты ж дзень прыняла ўдзел у Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы. Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі ў эфіры праграмы «Студыя Белсат» падзяліўся сваім бачаннем замежных візітаў Лукашэнкі і Ціханоўскай.

Аляксандр Класкоўскі, беларускі журналіст і палітычны аглядальнік. Фота: АВ / Белсат

Аляксандр Класкоўскі мяркуе, што ў гэты раз Лукашэнка выправіўся ў Маскву па трох асноўных прычынах:

«Ён хоча, я думаю, атрымаць крэдыт, а напярэдадні Масква паслала такі сігнал вуснамі міністра фінансаў, што вы, маўляў, не раскрывайце шырока рот, шмат мы не дамо. Я думаю, што Лукашэнка будзе пераконваць, што трэба больш шчодра ўзнагародзіць хаўрусніка. З транзітам калію таксама праблема. І цяпер, нягледзячы на бравурныя заявы, альтэрнатывы няма. І яшчэ адно пытанне – Лукашэнка пад шумок гэтай канфрантацыі з Захадам хоча танна, а яшчэ лепей – зусім бясплатна атрымаць ад Расеі новую зброю».

Пытанне зброі эксперт лічыць адным з асноўным, паколькі такім чынам Лукашэнка спадзяецца прымусіць Захад лічыцца з сабой. Таму, на думку Аляксандра Класкоўскага, афіцыйны Менск можа сапраўды папрасіць размясціць і ядравую зброю на сваёй тэрыторыі.

«Ён разумее, што калі б ён валодаў ядравай зброяй, то міжволі з ім бы лічыліся. Не так, як цяпер, калі Захад яго абвесціў нелегітымным, і ніхто з ім не хоча сустракацца. Нават атрымаць Іскандэры – гэта ў вачах Лукашэнкі спроба паказаць, што ён значная фігура, з якой трэба лічыцца і варта размаўляць».

У гэты ж час палітычны аглядальнік адзначае, што гучныя заявы Лукашэнкі спачатку наконт прызнання Крыму расейскім, а потым і аб прызнанне незалежнасці «ДНР» і «ЛНР» вымушаныя, паколькі самому Лукашэнку яны не выгадныя, а толькі яшчэ больш сапсуюць адносіны з Украінай.

«Лукашэнка мусіць на гэта ісці, бо ў яго няма альтэрнатывы. Ён мусіць падгульваць Пуціну ў гэтай вялікай крамлёўскай геапалітычнай гульні, накіраванай на запалохванне Захаду, каб той саступіў расейскаму ўльтыматуму».

Тым больш, падкрэслівае эксперт, не патрэбная Аляксандру Лукашэнку і вайна з Украінай, ідэальная для яго сітуацыя – гэта пастаянная напружанасць паміж Расеяй і Захадам.

«Яму не выгадная вялікая вайна, бо гэта можа абрынуць ягоную ўладу, але і поўная разрадка Лукашэнку таксама не выгадная, бо тады ён стане не надта патрэбны Крамлю. А вось на тле гэтай напружанасці, якую штучна падтрымліваюць, можна атрымаць ад Крамля пэўныя дывідэнды».

Узгадаў Аляксандр Класкоўскі і сённяшні візіт Святланы Ціханоўскай у Мюнхен, дзе яна бярэ ўдзел у канферэнцыі аб бяспецы. Паводле яго, гэтая падзея для штабу былой кандыдаткі на прэзідэнцтва нясе больш іміджавы характар, паколькі амаль ніяк не ўплывае на сітуацыю ў Беларусі.

«Гэта рэпрэзентацыя беларускай альтэрнатывы, і тут штаб Ціханоўскай вельмі ўдала дзейнічае, працягвае гэтую лінію. Іншая рэч, што ўнутры самой Беларусі гэтыя замежныя штабы не надта могуць на яе ўздзейнічаць, і таму, я думаю, у плане рэферэндуму тут будзе гульня ў адны вароты, і стратэгія апазіцыі – стратэгія двух крыжыкаў – не спрацуе. Цяпер не такая палітычная сітуацыя ў краіне».

Поўную размову з палітычным аглядальнікам Аляксандрам Класкоўскім можна паглядзець тут:

ВК Belsat

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны