Намесніку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Уладзіміру Астапенку вынесены завочны прысуд: 5 гадоў пазбаўлення волі і 500 базавых велічыняў штрафу (18 500 рублёў). Пры гэтым ён трапіў пад амністыю, і тэрмін скарацілі на год, паведаміла Генпракуратура. У каментары «Белсату» Астапенка адзначыў, што на ягоную дзейнасць гэта не паўплывае: «Толькі больш злымі будзем, і будзем працаваць».
Генпракуратура на сваім сайце паведаміла, што ў судзе Савецкага раёну Менску агучылі вырак намесніку кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, колішняму амбасадару Беларусі ў Аргентыне Уладзіміру Астапенку. Яму прысудзілі 5 гадоў пазбаўлення волі і штраф 18 500 рублёў (500 базавых велічыняў).
Таксама на 5 гадоў яго пазбавілі права працаваць на пасадах, «звязаных з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў».
Маёмасць Астапенкі – зямельны надзел і садовы дом – пакінулі пад арыштам «у кошт забеспячэння выканання прысуду ў частцы выплаты штрафу».
Пры гэтым тэрмін зняволення скарацілі на адзін год дзякуючы амністыі, абвешчанай да Дня народнага адзінства.
Астапенку судзілі паводле артыкулу «Крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі».
У размове з «Белсатам» Уладзімір Астапенка адзначыў, што пра судовае пасяджэнне яму не паведамлялі і нават фармальна на працэс не выклікалі:
«Я адмыслова гэта кантраляваў. Ні пісьмова, ні электронна, ні па тэлефоне. Відаць, у іх новыя інструкцыі, таму яны не лічаць сябе абавязанымі паведамляць. Канкурэнтнае справаводства ім не патрэбнае».
Астапенка ведаў адваката, якога прызначала дзяржава, але звязацца з ім не атрымалася: «Атрымаў інфармацыю ад ананімнай крыніцы, што запланаваны суд і нават падказалі, хто будзе маім адвакатам. Я паспрабаваў з ім зкантактавацца, у адказ – цішыня».
Намеснік кіраўніка НАУ прызнаўся, што чакаў абвінавачванняў не толькі ў крадзяжы:
«Я чакаў, што навесяць тэрарызм, экстрэмізм, абразу Лукашэнкі, заклік да санкцыяў, – нічога не зрабілі. Яны мяне пакінулі вось з гэтым раскраданнем і далей не пайшлі. І высоўвацца зараз і крычаць, што я не злодзей, сэнсу няма. А вось тое, што ў вачах сістэмы я не стаў экстрэмістам, – гэта, мабыць, кепска».
Уладзімір Астапенка падкрэсліў, што вінаватым сябе не лічыць, бо ўсё, што ён зрабіў, – гэта дзеля эканоміі бюджэту. Абскарджваць прысуд не плануе: «Сэнсу няма ніякага».
Сяргей Крот belsat.eu