Управа вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека апублікавала ўжо трэці даклад аб жудаснай сітуацыі ў Беларусі, заявіўшы пра прыкметы злачынстваў супраць чалавецтва. Уладам дадзеныя рэкамендацыі, на якія ў Менску пляваць хацелі. Плануецца, што дакумент будзе абмяркоўвацца 19 сакавіка на 55-й сесіі Рады ААН у правах чалавека. «Белсат» спытаў экспертаў, у чым сэнс такіх дакладаў ды рэзалюцыяў і што трэба, каб пасля фіксацыі злачынстваў пачаўся наступны этап – прыцягванне вінаватых да адказнасці.
У дакладзе Управа вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека занатаваныя факты рэпрэсіяў з 2020 года. У дакуменце згадваюцца:
Управа ААН у правах чалавека адзначае, што беларускія сілавікі дзеяць «беспакарана, з адабрэння і пры падтрыманні вышэйшага кіраўніцтва».
Аўтары даклада прыйшлі да высновы: усё, што адбываецца ў Беларусі, – «арганізаваная, безупынная і сістэматычная кампанія гвалту, рэпрэсіяў і пакаранняў» з боку ўладаў:
«З увагі на спектр парушэнняў правоў чалавека, учыненых супраць рэальных або імаверных палітычных апанентаў, іх характар і цяжар у Управы вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ёсць разумныя падставы меркаваць, што было здзейсненае злачынства супраць чалавецтва ў форме пераследу разам з іншымі спадарожнымі дзеяннямі».
ААН паўтарыла свае ранейшыя рэкамендацыі ўраду Беларусі (напрыклад, неадкладна спыніць рэпрэсіі, вызваліць палітвязняў і пачаць расследаванне парушэнняў правоў чалавека), а таксама выпісала новыя:
Дзяржавам-чальцам ААН рэкамендавана:
«Падобныя даклады фіксуюць на міжнародным узроўні парушэнні правоў чалавека і маюць вялікае значэнне, але, з большага, у замежных краінах. Напрыклад, пры разглядзе справаў аб наданні статусу бежанца асобам, якія з’ехалі з Беларусі», – патлумачыў «Белсату» значэнне дакумента адвакат Алесь Міхалевіч.
Ён адзначыў, што ў тэорыі краіна, якой ААН паказвае на парушэнні, мусіць выпраўляць сітуацыю, аднак у нашым выпадку гэта не працуе. Абавязковымі для выканання сталіся б рэзалюцыі Рады Бяспекі ААН, аднак спадзявацца на гэтую структуру не выпадае:
«Міжнародная супольнасць мае вельмі мала магчымасцяў наўпроставага ўмяшання ў справы краіны, бо сталымі чальцамі Рады Бяспекі ААН зʼяўляюцца Расея і Кітай, што кіруюцца дыктатарамі, якія амаль заўсёды блакуюць магчымасць міжнароднага ўмяшання».
Міхалевіч мяркуе, што за парушэнні, зафіксаваныя ў цяперашнім дакладзе, Аляксандру Лукашэнку Гаага не пагражае:
«Для таго, каб Міжнародны крымінальны суд заняўся гэтай справаю, імавернае злачынства павінна быць здзейснена грамадзянінам краіны-падпісанта Рымскага статута, або на тэрыторыі краіны, якая падпісала Рымскі статут ці прызнае юрысдыкцыю суда. Нічога гэтага ў нашым выпадку няма».
Затое правадыр і ягоныя памагатыя могуць трапіць пад трыбунал за іншае – за датычнасць да дэпартацыі дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторыяў, бо Кіеў з 2015 года прызнае юрысдыкцыю суда, хаця і не ратыфікаваў Рымскі статут. За ордар для Лукашэнкі апошнім часам змагаецца кіраўнік НАУ Павел Латушка.
У астатнім жа застаецца спадзявацца на ўніверсальную юрысдыкцыю – судовыя разборы ў розных краінах, канстатуе праўнік.
«Гэта магчыма, аднак вельмі малая практыка ў падобных пытаннях, за выключэннем Іспаніі. І беларусам даводзіцца ствараць практыку ў іншых краінах, што вельмі складана. Але гэты даклад ААН можа істотна дапамагчы ў падобных кейсах», – падсумаваў Алесь Міхалевіч.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў замежных справах Валер Кавалеўскі ў размове з «Белсатам» назваў вельмі важным даклад ААН. Гэтай справаздачай можна ўзброіцца, каб звяртацца ў суды:
«Злачынства супраць чалавецтва – кампетэнцыя Міжнароднага крымінальнага суда, гэта азначае, што дзяржавы могуць звяртацца туды з патрабаваннем адкрыць крымінальную справу, нягледзячы на тое, што Беларусь не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута. Тут маецца прававая перспектыва, і дзяржавы могуць звяртацца фактычна ад імя беларусаў».
Акрамя таго, паводле Кавалеўскага, перспектыўным выглядае разгляд беларускай справы ў Міжнародным судзе ААН, які яшчэ называюць Міжнародным судом справядлівасці. Праблема ў тым, каб знайсці краіны, якія б сталі нашым адвакатам:
«З гэтай справаздачай мы сапраўды можам ісці далей, звяртацца да нашых партнёраў. Насамрэч былі магчымасці для такіх дзеянняў і раней, але тое, чаго нам крытычна не хапае, – палітычнай волі дзяржаваў, якія могуць ініцыяваць такія звароты. Наша задача цяпер – дамагацца таго, каб яны праявілі гэтую палітычную волю».
Такія судовыя разборы – справа павольная і дарагая, не кожная дзяржава можа знайсці на гэта грошы і праўнікаў, якія спецыялізуюцца на такіх гісторыях.
«Трэба таксама разумець, што гэта дарагая працэдура, яна вымагае дзейнасці адвакацкіх групаў, якія могуць працаваць цягам не аднаго і не двух гадоў, а больш. Таму краіны насцярожана ставяцца да такіх задач, бо гэта патрабуе вельмі шмат рэсурсаў на працягу доўгага часу», – тлумачыць суразмоўца «Белсату».
Якія краіны маглі б узяць на сябе гэтую ношу, Кавалеўскі не сказаў: «Да моманту афіцыйнага звароту такая праца вядзецца ў закрытым рэжыме».
Дыпламат упэўнены, што рана ці позна вінаватыя ў маштабных рэпрэсіях у Беларусі панясуць адказнасць:
«Мы будзем павінныя аднавіць у правах тых, хто пацярпеў ад рэпрэсіяў, аднавіць іх маёмасныя, грамадзянскія, палітычныя правы, рэабілітаваць. Упэўнены, што адказнасць надыдзе – ці міжнародная, ці нацыянальная, калі будзе адноўленая дэмакратыя ў Беларусі. За падобныя злачынствы супраць чалавецтва адказнасць мусіць наступіць».
Старшыня НАУ Павел Латушка ў каментары «Белсату» назваў вельмі важнай фіксацыю злачынстваў, якія ўчыняюцца ў нашай краіне, аднак абурыўся, што ў справаздачы ААН нічога няма пра дэпартацыю беларусаў. У дакуменце маецца пункт «Выгнанне», дзе пазначана, што з 2020 года праз пагрозу пераследу Беларусь пакінулі да 300 тысячаў асобаў. Латушка ўпэўнены, што гэта і ёсць дэпартацыя:
«З пункту гледжання прыцягнення да адказнасці рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавецтва гэта ключавы момант. Дэпартацыя дае юрыдычныя падставы ставіць пытанне аб адказнасці Лукашэнкі і ягоных памагатых у межах Міжнароднага крымінальнага суда. Тое, што выкасоўваецца менавіта гэты важны момант, выклікае нашую занепакоенасць».
Прэтэнзіі палітыка выклікалі менавіта фармулёўкі ў дакладзе, на падставе якіх можна судзіцца.
«Вельмі важна, што падкрэсліваецца маштаб і сістэмны характар гэтых злачынстваў. Але сам факт фіксацыі на працягу чатырох гадоў нас не задавальняе. Можна фіксаваць да апошняга дня жыцця Лукашэнкі і не прыцягнуць яго да адказнасці», – падкрэсліў спадар Павел.
Гэтая справаздача будзе абмяркоўвацца 19 сакавіка на 55-й сесіі Рады ААН у правах чалавека. Таксама будзе прынятая пастанова, ці працягваць місію экспертаў, якія сочаць за сітуацыяй у нашай краіне.
Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка у размове з «Белсатам» выказаў надзею, што гэтую працу не толькі не скончаць, але і дадуць місіі больш магчымасцяў для расследавання сітуацыі ў нашай краіне. Ён таксама заклікаў беларусаў і беларусак, якія зазналі палітычны пераслед на радзіме, звязвацца з праваабаронцамі і распавядаць свае гісторыі:
«Тая праца, якая можа быць праведзеная цяпер, у адсутнасць нейкіх судовых варыянтаў, – гэта неблагі шлях. Мы спадзяемся, што мандат будзе працягнуты яшчэ мінімальна на год, і звяртаемся з просьбай паведамляць праваабаронцам пра ўсе выпадкі катаванняў, бесчалавечнага абыходжання, адвольнага прыцягнення да крымінальнай і іншай адказнасці, пра ўсе парушэнні правоў чалавека ў Беларусі».
Сцяпан Кубік belsat.eu