Стала вядома, калі адбудзецца першае паседжанне Усебеларускага народнага сходу ў канстытуцыйным статусе

Першае паседжанне VII Усебеларускага народнага сходу адбудзецца 24 – 25 красавіка, паведаміў прэм’ер-міністр Беларусі, старшыня Рэспубліканскага арганізацыйнага камітэту па падрыхтоўцы і правядзенні першага паседжання VII УНС Раман Галоўчанка.

Архіўнае фота. Шосты «Усебеларускі народны сход». Менск, Беларусь. 10 лютага 2021 года. Фота: president.gov.by

«У першы дзень пераважна будуць разглядацца пытанні арганізацыйна-выбарчыя, таму што гэтае паседжанне асаблівае. Трэба будзе рэалізаваць шэраг працэдураў, наўпрост прадугледжаных законам: выбраць працоўныя органы, падліковую камісію, старшыню УНС, намесніка старшыні, прэзідыум УНС – пастаянна дзеючы працоўны орган, прыняць часовы рэгламент працы Усебеларускага народнага сходу. У другі дзень будуць разглядацца пытанні, уключаныя ў парадак дня», – распавёў кіраўнік ураду.

Па словах Рамана Галоўчанкі, падрыхтоўка да паседжання ідзе ў планавым рэжыме. Чыноўнік адзначыў, што Лукашэнка даручыў зрабіць гэтае мерапрыемства «асабліва ўрачыстым, значным, запамінальным», паколькі паседжанне Усебеларускі народны сход упершыню правядзе ў канстытуцыйным статусе.

«Усе нашыя прапановы былі ў асноўным прынятыя, таму мы цяпер будзем працягваць падрыхтоўку ў адпаведнасці з тымі рашэннямі, якія мы намецілі, выпрацавалі і ўзгаднілі», – сказаў прэм’ер-міністр.

Таксама падрыхтаваны праект парадку дня першага пасяджэння VII Усебеларускага народнага сходу. Чакаецца, што дэлегаты, напрыклад, разгледзяць новую Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі і Ваенную дактрыну Беларусі.

Выбары ва УНС: як у Беларусі кулуарна ствараюць «калектыўнага Лукашэнку»

У складзе Усебеларускага народнага сходу – 1200 чалавек. Больш за траціну ўдзельнікаў аўтаматычна складаюць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, чальцы Савету Рэспублікі, прадстаўнікі выканаўчай і судовай улады. А таксама ўсе чальцы Менскага гарадскога савету дэпутатаў. Яшчэ па траціне дэлегатаў – ад мясцовых саветаў і ад суб’ектаў грамадзянскай супольнасці – будуць абраныя гэтымі структурамі.

Усебеларускі народны сход як канстытуцыйны орган улады мае ўносіць прапановы ў зменах у Канстытуцыю, развязваць пытанні легітымнасці выбараў, прымаць рашэнні пра змяшчэнне прэзідэнта ці ўвядзенне ваеннага становішча, прызначаць суддзяў Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў.

Да канца сакавіка працягнецца вылучэнне кандыдатаў на Усебеларускі народны сход. Да 10-га красавіка мясцовыя саветы дэпутатаў і субʼекты грамадзянскай супольнасці маюць зацвердзіць канчатковыя спісы дэлегатаў.

Пачалося фармаванне Усебеларускага народнага сходу

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны