Паліцыя польскага гораду Гданьск затрымала траіх грамадзянаў Беларусі, якія падазраюцца ў махлярстве, у тым ліку – кампутарным.
Трое беларусаў ва ўзросце 21, 33 і 42 гадоў падазраюцца ў фішынгу праз BLIK – польскую сістэму мабільных плацяжоў, якая дазваляе праводзіць аперацыі з дапамогай аднаразовых згенераваных кодаў.
Махляры выманьвалі коды BLIK пад выглядам пакупнікоў на аўкцыёнах, а таксама прадстаўляліся кур’ерамі ці супрацоўнікамі банку і такім чынам завалодалі сумай, большай за 33 тысячы злотых (8300 еўраў).
Ва ўсіх выпадках пацярпелыя адразу зразумелі, што сутыкнуліся з махлярствам і звярнуліся ў паліцыю.
Трое мужчын былі затрыманыя каля банкамату падчас чарговай спробы зняць грошы з дапамогай коду, атрыманага ў аднаго з пацярпелых. Падчас дагляду аўтамабілю махляроў паліцэйскія знайшлі некалькі тысячаў злотых і 110 еўраў.
Беларусам прад’явілі абвінавачванне па 12 эпізодах махлярства, у тым ліку, кампутарнага. Па хадайніцтве пракуратуры суд арыштаваў падазраваных на тры месяцы. Мужчынам пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.
Марыя Міхалевіч belsat.eu