Ва Украіне збіраюцца падоўжыць ваеннае становішча

У Вярхоўнай Радзе Украіны разгледзяць магчымасць падоўжыць вайсковае становішча ў краіне. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўнёс на разгляд адпаведную прапанову. Пра гэта паведамляе сайт Вярхоўнай Рады Украіны.

Уладзімір Зяленскі. Скрыншот з відэа: Zelenskiy / Official / Telegram

У час ваеннага становішча ў краіне дапускаецца асаблівы рэжым заезду і выезду, абмяжоўваецца свабода перасоўвання грамадзянаў, іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, а таксама рух транспартных сродкаў. Прызначаецца каменданцкая гадзіна.

Указ аб увядзенні ваеннага становішча прадугледжвае забарону на дзейнасць некаторых палітычных партыяў ці грамадскіх аб’яднанняў, што вядуць працу супраць незалежнасці Украіны.

Разам з тым у краіне будзе падоўжаная мабілізацыя мужчынаў для службы ў ЗСУ. Аднак яна будзе насіць абіральны характар, бо, са словаў начальніка ўпраўлення штабу ЗСУ, войска Украіны цяпер укамплектаванае на 100 %.

Нагадаем, што 24 лютага Уладзімір Зяленскі сваім указам увёў ваеннае становішча ў сувязі з пачаткам поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Пасля гэтага Вярхоўная Рада некалькі разоў працягвала тэрмін дзеяння ваеннага становішча. Пакуль ва Украіне яно дзейнічае да 25 траўня.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны