Вядомага выдаўца беларускай літаратуры Андрэя Янушкевіча на 10 сутак кінулі за краты. Кнігарня «Кнігаўка», прэзентаваная ў Менску 16 траўня, у той жа дзень сталася аб’ектам «чыстак» і вобшукаў для ГУБАЗіКу. Дзяржава прынялася за «канчатковае вырашэнне кніжнага пытання»?..
Калі сыходзіць з пытанняў, якія задаваў Янушкевічу Азаронак ды Гладкая, то пад вызначэнне «таксічнай макулатуры» (выраз з яшчэ аднаго допісу ГУБАЗіКу) трапляюць кнігі «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» Сяргея Шапрана, «Айчына. Маляўнічая гісторыя» Уладзіміра Арлова ды іншыя. А што ж тады з Джорджам Оруэлам?..
Ператрус у «Кнігаўцы» і арышт выдаўца Андрэя Янушкевіча агаломшвае. Але бадай ужо нікога не здзіўляе. Бо пра ўсё гэта раней распавядалася ў тых жа кніжках, якія выдаваў Янушкевіч. І забарона на распаўсюд антыўтопіі «1984» Оруэла лёгка ўпісваецца ў логіку ГУБАЗіК і той рэчаіснасці, у якой сёння жыве Беларусь.
«Зрабілі быллю і Кафку, і Оруэла. Чарга за Маркесам. Гэта толькі з нашага боку для некаторых беларуская мова – дзясятая справа. З таго, іхнага боку, беларуская мова – справа нумар адзін»,– адрэагаваў на вобшук у «Кнігаўцы» і затрыманне Янушкевіча перакладчык антыўтопіі «1984» Сяргей Шупа.
Вядомы беларускі паэт Андрэй Хадановіч мае свой адказ на пытанне, чаму «яны» змагаюцца з кнігамі наагул і з беларускімі – перадусім?
“Таму, што мы чэрпаем у гэтых кнігах натхненне і сілы рабіць штось далей. І яшчэ шмат усяго зробім!” – запэўнівае Хадановіч і прысвячае верш затрыманым.
Беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, чый раман «Сабакі Еўропы», выдадзены Янушкевічам, таксама быў адпраўлены на экспертызу (яшчэ ў красавіку 2021-га) па падазрэнні ў наяўнасці «экстрэмізму», узгадвае, што гісторыя пераследу пачалася куды раней. Да незалежных выдаўцоў, у тым ліку Андрэя Янушкевіча, пайшлі з ператрусамі яшчэ ўзімку 2021-га, блакавалі рахункі, заводзілі справы. Грамадства тады рэагавала на гэта «чэргамі салідарнасці».
«Гэта быў першы сігнал незалежным выдаўцам – дзяржава задумалася пра «канчатковае рашэнне кніжнага пытання». Потым былі наступныя сігналы. «Але Янушкевіч не здаўся», – кажа Бахарэвіч.
«Дык у чым вінаваты выдавец Янушкевіч? Адказ просты. У тым, што выдаваў сучасную, вольную беларускую літаратуру на беларускай мове. У Беларусі гэта ўжо даўно злачынства. Толькі цана за яго робіцца ўсё больш высокай», – канстатуе Альгерд Бахарэвіч.
На яго погляд, падтрымаць незалежных выдаўцоў, якіх кідаюць у турмы, беларусы могуць зараз робячы прынамсі тры рэчы: не маўчаць, купляць і чытаць кнігі незалежных выдавецтваў ды не цешыць сябе ілюзіямі, што «ўсё будзе добра».
«…Не чакаць «лібералізацыяў» і «дыялогу». Гэта вайна супраць усяго беларускага – і не варта думаць, што літаратуру і кнігавыданне нехта пашкадуе», – падсумоўвае Альгерд Бахарэвіч.
Адзін з укладальнікаў кнігі «(Не)расстраляныя» (пра якую так настойліва запытваў у кнігарні Азаронак), кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін у допісе на Facebook прыводзіць у якасці паралелі з сучаснымі падзеямі пратакол вобшуку ў Міхася Зарэцкага, праведзенага НКВД у 1936 годзе. У Зарэцкага чэкісты канфіскавалі дзевяць пакетаў выпісак з контррэвалюцыйнай трацкісцкай літаратуры.
«Веру, што мы вернем забранае ў нас. Назаўжды. Цвіль не сапсуе нашыя кнігі, Андрэю! Сілаў вытрымаць вам гэтую навалу», – піша Будкін.
Музыка і лідар гурту «Dzieciuki» Алесь Дзянісаў узгадвае пра тое, што выдавец Янушкевіч яшчэ і легенда гарадзенскага панк-року, арганізатар рок-фэстаў у 1990-х.
«Ён здолеў арганізаваць у паўтарытысячным пасёлку сапраўдны рок-фэст! Пазней ён стварыў адное з самых самабытных ды арыгінальных выдавецтваў! А што стварылі людзі, каторыя зараз катуюць Андрэя? Лепшае з таго, што даюць рады – какашку ва ўнітазе!» – мяркуе Дзянісаў.
Выдавецтва «Янушкевіч» было заснаванае ў 2014 годзе.
Андрэй Янушкевіч – нарадзінец Гарадзеншчыны, гісторык па адукацыі, выпускнік Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы. Мае 46 гадоў.
Зміцер Міраш belsat.eu