Беларусь страціла цэлыя Баранавічы. Што адбываецца з міграцыйнымі працэсамі?

За 2021-2022 гады з Беларусі толькі ў краіны Еўразвязу мігрыравала для сталага пражывання амаль 171 тысяча беларусаў. Гэта супастаўна насельніцтву гораду Баранавічы. Такія ацэнкі ўтрымлівае даследаванне цэнтру BEROC, якое 18 траўня прэзентавала Настасся Лузгіна.

Старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

18 траўня старэйшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузігна абнародавала вынікі даследавання міграцыйных працэсаў з Беларусі ў краіны Еўразвязу. Лічбы міграцыі для Беларусі несуцяшальныя: за перыяд з 2021 па 2022 год у краіны ЕЗ выехала для стала пражывання ад 143,6 тыс. да 170,9 тыс. чалавек. Колькасць мігрантаў па ніжняй мяжы роўная насельніцтву Аршанскага раёну, а па верхняй – насельніцтву Баранавічаў. Асноўныя краіны міграцыі – Польшча і Літва.

Паводле Лузгіной, гэта значныя страты для Беларусі, найперш – для рынку працы. Бо зʼехалі людзі актыўнага працаздольнага ўзросту, з семʼямі і дзецьмі. Большасць эмігрантаў маюць досыць высокую кваліфікацыю, асабліва гэта тычыцца спецыялістаў IT-галіны.

Сярод прычынаў міграцыі – палітычная і эканамічная сітуацыя, страх мабілізацыі (для мужчынаў), рэлацыраванне з кампаніямі з-за санкцыяў (галоўным чынам, IT-сектар), ваенныя дзеянні ва Украіне (асабліва актуальна для тых, хто спачатку выехаў з Беларусі ва Украіну). Лідарства Польшчы па колькасці мігрантаў з Беларусі тлумачыцца тым, што гэта краіна аказалася больш спрыяльнай для першаснай (з Беларусі) або другаснай (з Украіны, Грузіі) міграцыі ў выніку прасцейшага працэсу легалізацыі.

Што тычыцца міграцыі па кірунках, то па падліках BEROC, за 2021-22 гады ў Літву пераехалі на сталае пражыванне ад 25,4 да 37,9 тыс. чаловек. У Польшчу за той жа перыяд пераехалі для працяглага пражывання пераехалі ад 96,7 да 111,5 тыс. чалавек.

Лічбы міграцыі даследчы цэнтр указвае ў выглядзе так званага калідору, бо на самай справе агульнай адзінай статыстыкі па дакладнай колькасці мігрантаў з Беларусі няма ні ў Беларусі, ні ў краінах ЕЗ. Ёсць звесткі Еўрастату па колькасці беларусаў, якія пражываюць у той ці іншай краіне ЕЗ, ёсць непоўныя беларускія дадзеныя па колькасць тых хто зʼехаў па працоўных кантрактах. Ёсць звесткі па колькасці людзей на рынку працы і так далей. Поўныя звесткі беларускай статыстыкі па міграцыі і дэмаграфіі засакрэчаныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Таму галоўнай мэтай даследавання, якое правялі супрацоўнікі BEROC, як раз і было высветліць больш-менш рэалістычны малюнак міграцыйных працэсаў беларусаў у краіны Еўразвязу. Пры гэтым афіцыйныя статыстычныя дадзеныя звычайна тычацца нейкага аднаго індыкатару, кшталту выдадзеных візаў, альбо карт побыту ці колькасці плацельшчыкаў фондаў сацыяльнага страхавання. Падчас даследавання ж улічвалі максімум пераменных, каб не ўлічваць, напрыклад, так званую «маятнікавую міграцыю», калі людзі прыязджаюць на пэўны час папрацаваць, а праз паўгода ці год вяртаюцца назад. З другога боку звярталі ўвагу на чальцоў сямей, якія вучацца альбо не працуюць, але таксама пераехалі разам з сямʼёй у Польшчу ці Літву.

Па звестках BEROC па стану на пачатак 2023 года ў Літве пражывала 48 804 беларусаў, а прырост за год склаў 57,3 % ці 17 776. У Польшчы на пачатак года пражывала да 150,1 тыс. беларусаў. І найбольшая іх частка прыехалі за апошнія два гады. Пры гэтым з 10 жніўня 2020 года да 31 студзеня 2022 года беларусамі было атрымана больш за 500 тысяч польскіх віз. З іх у 2022 годзе – 278 181 візаў, асноўны тып атрыманых візаў – нацыянальная віза тыпу D. Аднак параўноўваючы колькасць выдадзеных візаў і колькасць беларусаў, якія выехалі ў Польшчу і Літву (краіны-лідары па колькасці прынятых беларускіх мігрантаў), відавочна, што ў гэтыя краіны выехалі менш людзей, чым мелі магчымасць.

Па меркаванні Настассі Лузгіной, атрыманне візы – гэта свайго роду дэманстрацыя жадання выехаць, але магчымасцю выехаць пакуль што скарысталіся далёка не ўсе. Апроч таго, некаторыя валадары візаў спачатку паехалі ў бязвізавыя краіны – Грузію, Арменію, Казахстан і г.д. З тых жа хто выехаў па літоўскіх ці польскіх візах далёка не ўсе заставаліся ў гэтых краінах на працяглы перыяд.

Разам з тым, колькасць выдадзеных візаў паказвае патэнцыял міграцыі. У выніку далейшага пагаршэння сітуацыі колькасць мігрантаў з Беларусі можа стаць яшчэ большай. Таксама па выніках даследавання BEROC бачна і яшчэ адна тэндэнцыя – большасць мігрантаў імкнуцца атрымаць у Літве і Польшчы дакументы для легальнага працяглага знаходжання за межамі Беларусі, кшталту картаў часовага ці сталага побыту, альбо дадатковай ці міжнароднай абароны.

Падрабязная аналітычная справаздача па выніках даследавання размешчана на сайце BEROC.

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны