Расейцы сабралі ўдарны кулак на паўночным усходзе Украіны. Што вядома?

«Белсат» падводзіць вынікі 846-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 18 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Артылерысты 13-й брыгады аператыўнага прызначэння «Хартыя» Нацыянальнай гвардыі Украіны вядуць агонь у кірунку расейскіх пазіцыяў. Харкаўская вобласць, Украіна. 17 чэрвеня 2024 года. Фота: Viacheslav Ratynskyi / Reuters / Forum

Сумскі і харкаўскі кірункі (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці працягваюцца баі на двух участках фронту – каля сяла Глыбокае і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і яго ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» піша, што ініцыятыва на кірунку перайшла да Збройных сілаў Украіны, якія нарошчваюць колькасць атак і ўдараў авіяцыйнымі бомбамі. Пры гэтым адзначаецца, што ўкраінцы кідаюць у бой падраздзяленні першага эшалону, а таксама рыхтуюцца да ўвядзення асноўных сілаў.

Тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што ЗСУ прасоўваюцца ў сяле Глыбокае і цяпер баі лакалізуюцца на галоўнай вуліцы паселішча.

Поспехі Збройных сілаў у Глыбокім фіксуе і іншая праўкраінская крыніца – канал «Говорять Снайпер». Тым жа часам расейцы мінуюць падыходы да сваіх пазіцыяў і чакаюць рэзерваў з тэрыторыі Белгародскай вобласці.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што цягам апошніх содняў на купянскім кірунку Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах Сынькоўкі, Стэпавай Навасёлаўкі, Пішчанага і Бераставога. Сітуацыя застаецца кантраляванаю.

Між тым канал «Два майора» сцвярджае, што расейскія вайскоўцы прасунуліся з усходу да сяла Пішчанае.

На суседнім ліманскім кірунку расейцы ціснуць каля паселішчаў Грэкаўка, Макееўка, Тэрны і Торскае, але поспеху не маюць.

Аналітыкі праекту «Deepstate» пішуць, што Узброеныя сілы РФ на ўчастку паміж Райгарадком і Новавадзяным нарасцілі ўдарны кулак колькасцю да 10 000 чалавек асабовага складу для наступу ў бок Баравой у Ізюмаўскім раёне Харкаўскай вобласці (на левым беразе ракі Аскіл).

Паведамляецца, што цягам апошніх трох тыдняў расейцы праводзяць інтэнсіўныя штурмавыя дзеянні на ўсёй шырыні гэтага ўчастку фронту, імкнучыся знайсці слабыя месцы ў абароне Збройных сілаў. Пакуль безвынікова.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На так званым сівэрскім выступе расейскія вайскоўцы спрабуюць прасунуцца ў ваколіцах Верхнякаменскага, Выемкі і Раздолаўкі, але поспехаў не маюць.

Ніжэй на фронце ініцыятыва таксама застаецца за Узброенымі сіламі РФ, якія атакуюць ва ўсходняй частцы гораду Часаў Яр (за каналам Сівэрскі Данец – Данбас) і на ягоных флангах – з поўначы і поўдня.

«Говорять Снайпер» піша, што таксама на краматорскім кірунку працягваюцца баі за ўскрайкі сяла Іванаўскае, якое ўсё яшчэ кантралюецца ЗСУ.

Іншы праўкраінскі тэлеграм-канал – «Бахмутський Демон» – адзначае цяжкія баі ў суседняй Клішчыеўцы.

Пры гэтым зменаў лініі сутыкнення не фіксуе ніводная з крыніцаў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

На пакроўскім кірунку Узброеныя сілы РФ развіваюць наступ на захад ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

Паводле аналітыкаў «Deepstate», цягам содняў яны прасунуліся каля сёлаў Уманскае, Сокал і Архангельскае.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Военкор Котенок» фіксуе рух расейцаў і ў Сокале. Таксама крыніца піша пра пачатак зачысткі УС РФ сяла Яснабродаўка.

У сваю чаргу ЗСУ контратакуюць каля Невельскага, імкнучыся выбіць праціўніка з паселішча.

Кантроль над гэтым сялом важны ў плане абароны суседняй Краснагораўкі на курахаўскім кірунку, дзе расейцы паступова прасоўваюцца ў ходзе гарадскіх баёў.

Ніжэй па фронце баявыя дзеянні лакалізуюцца ў ваколіцах Георгіеўкі і Касцынтынаўкі – пакуль без істотных зменаў.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На так званым урэмаўскім выступе на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў войскі РФ цягам содняў пры падтрыманні тэхнікі праводзілі штурмавыя дзеянні ў сяле Уражайнае, але поспеху не мелі.

Адначасова ЗСУ контратакавалі на поўначы суседняга Старамаёрскага (за ракою Мокрыя Ялы), імкнучыся вярнуць раней страчаныя пазіцыі – таксама безвынікова.

У Запарожскай вобласці, паводле Генштабу ЗСУ, Сілы абароны краіны адбілі атаку праціўніка каля сяла Навадараўка.

Акрамя гэтага, у рэгіёне працягваюцца баі на выступе фронту ў ваколіцах Арэхава.

У Херсонскай вобласці фіксуюцца сутыкненні на левым беразе Дняпра каля паселішчаў Крынкі і Казачыя Лагеры, а таксама ў астраўной зоне ракі. Але зменаў лініі фронту няма.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі ды артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату