Словы Васіля Быкава, якія б ён мог сказаць сёння, – да 100-годдзя беларускага генія

Вялікаму Васілю Быкаву сёння споўнілася б 100 гадоў. У пасляваенны час, у часе савецкай цэнзуры, у часе зараджэння беларускай дыктатуры і ў вымушанай эміграцыі пісьменніку даводзілася шмат выказвацца пра надзённае ды пра экзістэнцыйныя пытанні.

Пісьменнік Васіль Быкаў (1924–2003). Фота: Anonymous / Fine Art. Images / Forum

Шмат што з агучанага па-ранейшаму актуальнае. Мы сабралі выказванні Быкава, якія б ён мог зрабіць і сёння ў інтэрв’ю або з трыбуны на дэмакратычных пляцоўках.

***

«Шчасце так проста не прыходзіць з Белавежскай пушчы ці хоць бы адкуль там ні было. За яго трэба змагацца» (з гутарак з Юрасём Залоскам).

«Я беларус, мая родная мова – беларуская. І хоць я ў юнацтве, у маладыя гады не жыў у Беларусі і не чуў беларускага слова – 15 гадоў, у вайну і пасля вайны, – тым не менш калі пачаў займацца літаратурай, была пэўная праблема – на якой мове пісаць. Але гэтая праблема вельмі хутка вырашылася. Я зразумеў – і я думаю, што, дай Бог, гэта было правільна, і, на шчасце, я зразумеў гэта рана, – што толькі родная мова можа найлепшым чынам паслужыць у гэтым сэнсе ў літаратуры» (з эфіру радыё «Свабода»).

«Талент ‒ гэта труба, вечавы звон, барабан, але не жалейка і не свісцёлка… ён з’яўляецца на свет не для таго, каб усыпляць элегіямі, а каб гучаць як сігнал трывогі» (з артыкулу «Пяром аналітыка»).

«Для мяне як для пісьменніка і для старога чалавека – праўда трэба, трэба, каб была праўда. Аказваецца, што самае дэфіцытнае пад канец жыцця – гэта праўда. Без усяго можна пражыць, а «без правды сущей не прожить наверняка», як пісаў некалі Твардоўскі. Менавіта без яе не пражывеш. І гэта самы вялікі дэфіцыт, аказваецца. Хоць ён нічога не каштуе» (з фільму Віктара Дашука з цыклу «Беларуская трагікамедыя»).

«Вайна надзіва сляпая ў адносінах да людзей і далёка не па іхніх заслугах распараджаецца жыццямі» (з аповесці «Дажыць да світання»).

«І калі нам цяпер чагосьці не хапае, дык найперш – нацыянальнай волі, дасканалай нацыянальнай свядомасці. Але тое не даецца прэзідэнцкім указам, тое выхоўваецца праз стагоддзі. Або памірае – мабыць, у той дзень, як памірае мова» (з гутарак з Юрасём Залоскам).

«Мне вельмі цяжка завершыць сваю працу там, дзе няма ніякай свабоды» (з інтэрв’ю журналісту «Frankfurter Rundschau», паводле радыё «Свабода»).

«Беларус жа заўжды талерантны. І ўдумлівы. Калі, бывала, яго вытнуць па карку, дык спярша ён папросіць прабачэння, што даў непрыяцелю клопату павярэдзіць руку. Пасля, добра падумаўшы, яшчэ і падзякуе за навуку» (з памфлету Васіля Быкава «Абы ціха»).

Мікола Аўрамчык, Васіль Быкаў, Аляксандр Дракахруст, Уладзімір Караткевіч. Фота: Уладзімір Крук

«Я цяпер бачу, як важна не толькі жыць багата, не толькі жыць забяспечана, сытна, але і быць вольным. Нават калі гэтая воля не прыносіць вялікіх грошай альбо вялікага кавалка каўбасы. Нават калі гэтая воля дае нейкі мінімум для існавання, але чалавек можа прынамсі распарадзіцца сабой так, як ён хоча. Нават калі ён мае права на няўдалы выбар, выбар у шкоду сваёй асобе, усё роўна гэта вельмі важна, важна быць свабодным у сваім выбары. Ну, на жаль, мы дагэтуль не маем такой магчымасці» (з фільму Віктара Дашука з цыклу «Беларуская трагікамедыя»).

«Нацыяналізм вялікай нацыі непазбежна перараджаецца ў шавінізм і імперыялізм, а нацыяналізм малой нацыі, якім бы ён ні быў, накіраваны перш за ўсё на выжыванне сваёй нацыі сярод іншых» (з гутарак з Юрасём Залоскам).

«Некалі я ўсё не мог зразумець, па якіх антрапалагічных прыкметах людзі вылучаюцца ў наменклатуру. Відаць, з вялікім сэнсам гэта робіцца. Яны, як правіла, людзі мажныя, як у арміі – што ні генерал, дык метр у плячах і фізіяномія ні ў які аб’ектыў не лезе. Так і тут. Усе яны абавязкова маюць вельмі зваблівы начальніцкі антураж – якога-небудзь худзенькага, мізэрненькага там не бывае, ён туды не можа прайсці. І займаюць пэўныя пасады. Паглядзіце, хто ў нас цяпер гаспадар на вёсцы? Ды гэтыя, чырвоныя князі і бароны. І як іх не будуць выбіраць? Іх заўсёды будуць выбіраць, бо яны сіла, яны ўлада…» (з гутарак з Юрасём Залоскам).

«Кепска неяк уладкавана ў жыцці, што ўсё ‒ і благое, і добрае ‒ пазнаецца часам праз боль няўдач і памылак» (з аповесці «Здрада»).

«Што датычыць пазіцыі ўладаў да мяне, да спарадычных кампаній знявагі, то я скажу: яны мяне ўвогуле мала чапаюць. Ад такіх улад іншага чакаць нельга, я б куды горш сябе пачуваў, каб гэтыя ўлады пачалі мяне хваліць, набліжаць і адорваць прывілегіямі. Вось гэта была б праблема» (з фільму Віктара Дашука з цыклу «Беларуская трагікамедыя»).

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны