Алена Талкачова была ў няволі 14 месяцаў, яе так і не асудзілі.
Пра вызваленне Алены Талкачовай 18 ліпеня паведаміла Zerkalo.io і іншыя калегі журналісткі. Талкачова была за кратамі больш за год, з 18 траўня 2021 года – яе падазравалі ў межах «справы Tut.by» ва «Ухіленні ад сплаты падаткаў» (арт. 243 КК РБ), але не судзілі. Праваабаронцы прызналі яе палітычнай зняволенай.
Алена Талкачова працавала ў Tut.by з 2014 года, з раздзелу «Нерухомасць» перайшла ў раздзел «Грошы і ўлада». Калегі згадвалі, што яна першай збірала рэчы для перадачаў затрыманым супрацоўнікам.
Цяпер у няволі застаюцца яшчэ тры дзясяткі журналістаў, у тым ліку галоўная рэдактарка Tut.by Марына Золатава і генеральная дырэктарка Tut.by Людміла Чэкіна. Іншых затрыманых у «справе Tut.by» вызвалілі, але сам партал сілавікі закрылі. Былыя супрацоўнікі Tut.by заснавалі «люстэрка» старога выдання — Zerkalo.io.
Алесь Наваборскі belsat.eu