На спадарожнікавых здымках заўважылі незвычайную актыўнасць вакол вайсковага аэрадрому. Навуковец звярнуў увагу на забруджанасць тэрыторыяў радыяцыяй.
Радыё «Свабода» расказала пра будаўнічыя работы вакол вайсковага аэрадрому пад Лунінцом, што на ўсходзе Берасцейскай вобласці: там валяць лес, расчышчаюць расліннасць, рэканструююць некалькі будынкаў і ўзводзяць новыя, пракладваюць камунікацыі. Перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне аэрадром лічыўся запасным і выкарыстоўваўся рэдка. На вучэннях «Саюзная рашучасць-2022» яго выкарыстоўвалі як дадатковы.
21 студзеня Аляксандр Лукашэнка праводзіў на аэрадроме нараду з вайсковым кіраўніцтвам. Пасля гэтага на тэрыторыі аэрадрому пачаліся будаўнічыя работы. Але пакуль што на аэрадроме бачныя толькі два верталёты і некалькі комплексаў С-300 або С-400.
«Нашыя крыніцы паведамлялі некалькі месяцаў таму, што ў Лунінецкі райвыканкам паступіў загад пабудаваць у горадзе жытло для сем’яў расейскіх вайскоўцаў, якія будуць пражываць там стала», – піша радыё «Свабода».
Хто вядзе работы на лунінецкім аэрадроме, не ўдакладняецца.
Праект «Беларускі Гаюн» раней неаднаразова заўважаў палёты самалётаў-знішчальнікаў, вайскова-транспартных самалётаў і вайсковых верталётаў над Лунінцам. 8 жніўня салдат, які мусіў ахоўваць вайсковыя аб’екты ў Лунінцы, быў знойдзены мёртвым у лесе – у яго выявілі агнястрэльнае раненне галавы, падазраюць самагубства.
Каля аэрадрому валяць шмат лесу. Былы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Сяргей Бесараб звярнуў увагу на тое, што работы вядуцца на тэрыторыі, забруджанай радыяцыяй. У драўніне, якую цяпер валяць, канцэнтрацыя цэзію-137 значна перавышае норму. Калі такі лес потым спаліць, то радыенукліды з драўніны без праблем трапяць у лёгкія чалавека. Мусіць быць і радыяцыйны кантроль піламатэрыяў. Таксама высокую канцэнтрацыю радыеактыўных рэчываў там набіраюць грыбы.
«Па словах жа інсайдараў, ніякай надбаўкі за шкоднасць і працу ва ўмовах радыеактыўнай плямы рабацягам не належыць, роўна як і няма дазволу наогул уздымаць гэтае пытанне», – расказвае Бесараб.
Эксперт дадае, што не варта казаць аб тым, што «мэтанакіравана высякаюць радыеактыўны лес» – больш слушна казаць, што ў Беларусі высякаюць любы лес без уліку радыяцыйнай абстаноўкі.
Алесь Наваборскі belsat.eu