Лукашэнку не задаволіла гатовасць школаў да навучальнага года. Ён выклікаў прэм’ер-міністра з адпачынку

Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў рыхтаванне сістэмы адукацыі да новага навучальнага года. На нарадзе ён даручыў выклікаць з адпачынку кіраўніка ўраду, піша БелТА.

Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Фота: Белсат

«Нарада прайшла ў вельмі крытычным ключы», – напісала дзяржаўнае агенцтва БелТА. Аляксандр Лукашэнка адхіліў справаздачы віцэ-прэм’ера і міністра адукацыі, даручыў спыніць адпачынак кіраўніка ўраду Рамана Галоўчанкі, каб праз тыдзень зладзіць новую нараду.

Сярод тэмаў, што абмяркоўваліся сёння, – падручнікі, харчаванне школьнікаў, пытанні бяспекі.

Як заявіў генеральны пракурор Андрэй Швед, адзначаюцца выпадкі парушэння правілаў пажарнай бяспекі, дарожнай бяспекі дзяцей побач са школамі. Ён таксама прапанаваў пашырыць падтрыманне дзяцей-сіротаў.

Пачатак навучальнага года ў Менску, Беларусь. 1 верасня 2022 года. Фота: Белсат

Кіраўнік Камітэту дзяржкантролю Васіль Герасімаў распавёў пра «шквал скаргаў» на падручнікі: бацькі незадаволеныя, як падаецца інфармацыя. Пастанавілі стварыць маніторынгавую групу. Усе падручнікі перагледзяць, не выключана, што будуць складаць новыя.

Герасімаў таксама заявіў пра выпадкі завышэння коштаў на школьных кірмашах. Паводле чыноўніка, гэтым займаюцца прыватнікі. «Натуральна, што мы такія факты спыняем і гандаль забараняем», – сказаў старшыня КДК.

Сабраць дзіця ў школу будзе на 10 % даражэй, чым летась

«Не ўсе захады» прынятыя і ў пытанні падвозу вучняў у школы, аднак «шляхі развязання вызначаныя», заявіў Герасімаў.

Закранулі таксама праблему школьнага харчавання, у тым ліку факты крадзяжу. Міністр адукацыі Андрэй Іванец пахваліўся, што «распрацавана больш за 350 новых тэхналагічных страваў, трывае даволі сур’ёзнае абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы харчаблокаў». Лукашэнка ў адказ запатрабаваў «навесці базавы парадак».

Рыхтаванне сістэмы адукацыі да новага навучальнага года возьме на кантроль адміністрацыя Лукашэнкі, чакаюцца выезды чыноўнікаў «дзеля ацэнкі рэальнай сітуацыі на месцах».

Ці гаварылі на нарадзе пра недахоп настаўнікаў, дзяржаўныя крыніцы не паведамляюць.

У Беларусі масава знікаюць кіроўцы і настаўнікі: што адбываецца на рынку працы

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны