«Яго новае месца гэта горад Шклоў, ІК-17, там, дзе сядзеў Вітольд Ашурак», – паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook жонка Паўла Вольга Севярынец.
«Лісты цяпер трэба пісаць туды, бліжэйшыя два тыдні з пазнакай «каранцін», пасля стане вядомы атрад. Нашаму тату Канстанціну Севярынцу ўсё яшчэ дрэнна, асабліва ноччу. Нам застаецца толькі маліцца за нашых родных і спадзявацца на Бога. Прашу ўзгадваць нашу сям’ю ў малітвах», – напісала яна.
Напісаць Паўлу Севярынцу: 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская д.8, але бліжэйшыя два тыдні трэба ставіць пазнаку «карантын».
Павел Севярынец – апазіцыйны палітык, сузаснавальнік партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя, пісьменнік. 25 траўня суддзя Магілёўскага абласнога суда Ірына Ланчава прысудзіла сузаснавальніка партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Суд праходзіў у закрытым рэжыме – нават сваякам не дазволілі прысутнічаць на працэсе. Фактычна палітвязня пакаралі 7 гадамі зняволення толькі за тое, што ён публічна заклікаў да пратэстаў і крытыкаваў рэжым Лукашэнкі.
МГМ belsat.eu