ЕАБР: Інфляцыя ў Беларусі запавольваецца праз зніжэнне коштаў на нехарчовыя тавары

У жніўні гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 2,3 % супраць 2,7 % у ліпені. Верагодна, далейшае запаволенне інфляцыі ў краіне адбываецца праз зніжэнне коштаў на нехарчовыя тавары, лічаць эксперты Еўразійскага банку развіцця.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Эксперты адзначаюць, што зніжэнне коштаў на нехарчовыя тавары на 2,6 % у жніўні стала асноўным фактарам запаволення інфляцыі. Цэны на гэтую групу тавараў зніжаліся трэці месяц запар: мінус 2 % у ліпені і мінус 1 % у чэрвені.

Рост цэнаў на харчовыя тавары таксама запаволіўся: 3,4 % у жніўні ў параўнанні з 3,9 % у ліпені. Цэны на паслугі выраслі на 7,2 % у жніўні, што адпавядае ліпеньскаму значэнню, пракаментавалі эксперты ЕАБР.

У жніўні міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў таксама хваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі дзякуючы сістэме штучнага рэгулявання коштаў, якую захаваюць прынамсі да канца года. Паводле яго, з таго часу як набыла моц пастанова ўраду аб рэгуляванні коштаў, індэкс спажывецкіх цэнаў знізіўся ў Беларусі на 13,8 %.

Эксперты раней прызнавалі, што дзяржаўнае рэгуляванне сапраўды можа запаволіць інфляцыю, але гэта пагражае дэфіцытам, а таксама заўважным ростам коштаў, калі штучнае стрымліванне скасуюць.

«А ў папугаях я значна даўжэйшы!»

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны