Беларускіх вайскоўцаў паслалі на мяжу з Украінай з чырвонымі павязкамі на руках. Гэта кепскі знак

Павязкі на рукавах вайскоўцаў – не частка формы. Але на вайне ва Украіне абодва бакі выкарыстоўваюць такія павязкі. Тлумачым, што значаць колеры і чаму з’яўленне такіх павязак на беларусах – гэта знак бяды.

Беларускія вайскоўцы «ўзмацняюць ахову мяжы». Імаверна, здымак зроблены каля вёскі Жолкіна, Пінскі раён Берасцейскай вобласці, Беларусь. 17 кастрычніка 2022 года. Фота: Алег Някала / «Ваяр»

Міністэрства абароны Беларусі 17 кастрычніка паведаміла, што Узброеныя сілы Беларусі «працягваюць выконваць задачы па ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы»: супраць магчымых «правакацыяў і дыверсантаў» прыгналі БТР, узялі аўтаматы, гранатаёты, дрон.

Дзе менавіта размяшчаюцца вайскоўцы, не паведамілі. Але на адным фота бачны кавалак дарожнага знаку: кантрольны пост каля паселішча, назва якога пачынаецца на «Жо…». Такіх назваў у Беларусі няшмат. Найбольш імаверна, што гэты пост – каля вёскі Жолкіна, што між Пінскам і Столінам пад самай мяжой з Украінай, там якраз ёсць дарога праз мяжу. Іншая вёска на «Жо…» пад мяжой – Жорнаўка, што пад Горадняй, але дарогі з яе не вядуць за мяжу.

Чырвоныя павязкі на руках беларускіх вайскоўцаў ужо бачылі: у сакавіку 2022 года яны вярталіся з такімі павязкамі пасля «ўзмацнення мяжы на паўднёвым напрамку».  Таксама чырвоныя павязкі бачылі на вайскоўцах у машынах з беларускімі нумарамі, якіх звозілі ў бок Украіны 28 лютага.

Якраз у лютым-сакавіку расейскія войскі атакавалі Украіну з тэрыторыі Беларусі – тады баяліся, што і беларускіх вайскоўцаў пашлюць на гэтую вайну.

Перад 24 лютага і цяпер. Як рэжым Лукашэнкі паўтарае адзін і той жа сцэнар эскалацыі

Такія павязкі – у расейцаў, якія ваююць ва Украіне

На пачатку поўнамаштабнага нападу Расеі на Украіну расейскія войскі выкарыстоўвалі пераважна белыя і чырвоныя павязкі. Напрыклад, чырвоныя павязкі былі на гэтых палонных з Ямпальскага мотастралковага палка. Таксама ўкраінцаў папярэджвалі, што людзі ў камуфляжы і з чырвонымі павязкамі могуць быць расейскімі дыверсантамі. Але расейскі сайт «Простыми словами» сцвярджае, што чырвоныя павязкі носяць байцы «народнай міліцыі» самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР», а расейскія вайскоўцы носяць белыя павязкі.

Палонныя расейскія вайскоўцы з в/ч 91701 Ямпальскага мотастралковага палка. Украіна. 24 лютага 2022 года. Фота: Головнокомандувач ЗС України / Facebook

Украінскі вайсковы аглядальнік Міхайла Жырохаў кажа «Белсату», што чырвоныя павязкі «былі і ёсць дагэтуль» менавіта ў расейскіх вайскоўцаў ва Украіне, а якраз белыя – цяпер у «міліцыі ДНР». Але афіцыйных распараджэнняў расейскага Генеральнага штабу пра гэта ён не бачыў – толькі па факце відаць, што значаць гэтыя павязкі.

А ўкраінскія вайскоўцы носяць жоўтыя, сінія і зялёныя павязкі. Гэта, кажа Жырохаў, вызначаецца на ўзроўні Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, і колеры павязак мяняюць праз пэўны час, каб праціўнік не ведаў, што значаць колеры. Дакладна, што белы і чырвоны колеры павязак не выкарыстоўваюць украінскія вайскоўцы.

Павязкі проста так не носяць

Гэткія павязкі – не частка вайсковай формы, а выкарыстоўваецца толькі на фронце, каб адрозніваць свайго ад праціўніка ў час бою.

Беларускія вайскоўцы «ўзмацняюць ахову мяжы». Імаверна, здымак зроблены каля вёскі Жолкіна, Пінскі раён Берасцейскай вобласці, Беларусь. 17 кастрычніка 2022 года. Фота: Алег Някала / «Ваяр»

Па-за зонай баявых дзеянняў такія павязкі звычайна не выкарыстоўваюць: памежнікі са зброяй звычайна выглядаюць так ці так – без павязак. Павязкі не надзяваюць нават на вучэннях на мяжы. Хіба падчас палітычных пагромаў беларускія сілавікі часам носяць жоўтыя павязкі.

Чырвоныя на беларускіх вайскоўцах з’яўляюцца надзвычай рэдка – звычайна ў сувязі з вайной ва Украіне. А цяпер якраз трывае разгортванне рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расеі.

«На жаль, гэта адзін з маркераў таго, што вайсковае кіраўніцтва Беларусі прыняла рашэнне аб удзеле ў баявых дзеяннях, – кажа Жырохаў. – Для мяне гэта «на жаль», бо нашыя вайскоўцы будуць забіваць беларусаў. Але гэта ўжо вызначана не намі, а спадаром Лукашэнкам».

Ён пацвярджае: каляровыя павязкі надзяваюць менавіта тады, калі чакаюць, што давядзецца страляць па іншых людзях, а не ў якіх-небудзь іншых выпадках.

Беларускія вайскоўцы «ўзмацняюць ахову мяжы». Імаверна, здымак зроблены каля вёскі Жолкіна, Пінскі раён Берасцейскай вобласці, Беларусь. 17 кастрычніка 2022 года. Фота: Алег Някала / «Ваяр»

Куды націсне Пуцін: на ядравую кнопку ці на Лукашэнку? Каментуе гісторык Юрый Фельшцінскі

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны