Грамадзянін Малдовы спрабаваў правезці з Польшчы ў Беларусь 25 кг мэфэдрону

Берасцейская мытня затрымала 40-гадовага грамадзяніна Малдовы, які спрабаваў незаконна перавезці праз мяжу 50 палімерных пакетаў з псіхатропным рэчывам – мэфэдронам, агульнаю вагою 25 кг. Пра гэта паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі.

Фота: gtk.gov.by

«Кіроўца легкавога аўтамабіля ехаў з Польшчы праз пункт пропуску «Берасце». Пры мытным аглядзе аўта скіравалі ў інспекцыйна-даглядны комплекс. У выніку сканавання і наступнага дагляду з удзелам кіналагічнай службы ў паліўным баку легкавіка берасцейскія мытнікі знайшлі 50 палімерных пакетаў агульнаю масаю больш за 25 кг», – заявілі ў ведамстве.

Заключэнне экспертызы пацвердзіла, што гэта мэфэдрон.

Фота: gtk.gov.by
Фота: gtk.gov.by

Берасцейская мытня пачала крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 328-1 Крымінальнага кодэксу («Незаконнае перамяшчэнне праз мяжу наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў»). Гэты артыкул прадугледжвае пазбаўленне волі аж да дзесяці гадоў. Цяпер праводзяцца следчыя дзеянні для выяўлення іншых асобаў, якія маюць дачыненне да злачынства.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны