Нас спынілі мянты, але не спыніла вайна. Патусаваліся з беларусамі Львова, якія разам перажываюць вайну

Львоў перыядычна абрываецца паветранаю трывогаю. Калі вобласць трапляе пад абстрэлы, па горадзе знікаюць то асвятленне, то ацяпленне, то водазабеспячэнне. Альбо адразу два пункты з трох. Альбо ўсе тры. Тады беларуская тусоўка Львова высвятляе паміж сабой, у каго што засталося, і перасоўваецца па гасцях паводле сваіх патрэбаў. Гэта журналісты, праваабаронцы ды аўтары розных сфераў, якіх аб’ядналі эміграцыя на хвалі рэпрэсіяў і пастанова застацца ва Украіне часу вайны. У іх свая лексіка, свае жарты, свае традыцыі, а цяпер яшчэ і агульная маёмасць, каб перажыць зіму. Я паехала ў Львоў часова да гэтай тусоўкі спрычыніцца.

Юля Арцёмава, Анісія Казлюк, Ягор Бабоў, Таццяна Гацура-Яворская і Яўген Атцецкі на прыступках Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэту імя Івана Франка. Фота: Яўген Атцецкі

У пачатку лістапада перабоі з дабротамі цывілізацыі былі тут нячастымі. Калі, вядома, гэта неяк вымяраецца. Але хоць турыстычныя месцы былі поўныя людзей, ля Опернага тэатру як бы бесклапотна спявалі вулічныя музыкі і горад увогуле жыў сваім парадкам, зіма ў Львове ўсё-ткі падавалася хвалявальнаю перспектываю.

Тады Юля Арцёмава, аўтарка кнігі «Я і ёсць рэвалюцыя», прыдбала ўпакоўку з 12 «ультраваўняных» шкарпэтак. Фатограф Яўген Атцецкі – яны з Юляю сужэнцы – стаў насіць з сабою ліхтарык. Патрэбны для паходу ў прыбіральню без святла, напрыклад. Праваабаронца Анісія Казлюк разам з хлопцам, музыкам Ягорам Бабовым замовілі на «AliExpress» свяцільні, гірлянды і ліхтарыкі на батарэйках. Журналістка Паўліна (імя змененае) паклапацілася пра добры паўэрбанк і стала выбіраць тэрмас. Алег Восіпаў – той хлопец, якога не выпусцілі з Украіны, бо ягоны пашпарт згарэў у будынку СБУ, – папрасіў перадаць яму звязаныя мамаю шкарпэткі і чырвоную байкавую кашулю, бо «чырвоны колер грэе душу». А Таццяна Гацура-Яворская, праваабаронца і арганізатарка культурніцкіх фэстаў, нанасіла дроваў для каміну і набыла пілу іх пілаваць.

Як надвор’е пагоршылася, абстрэлы – адпаведна, і перабоі – пачасціліся. І беларуская суполка занялася супольнаю маёмасцю: пастанавілі, што на ўсю кампанію з прыблізна васьмі чалавек патрэбныя бензінавы генератар і ладавальная станцыя альбо замест яе некалькі моцных паўэрбанкаў. Склалі спіс сухіх прадуктаў для закупаў і задумаліся пра «Starlink».

«Мы вырашылі, што пункт збору будзе ў мяне, – кажа «мама» тусоўкі журналістка Аліна Рудзіна. – Тут ёсць печка, незалежна ад электрычнасці – гарачая вада і свабодны пакой са спальнымі месцамі». За паўдня без ацяплення тэмпература ў кватэры апускаецца да 15–16 градусаў: «Я магу вытрываць гэта ў піжаме, пад коўдраю, з катом». Ката ёй пакінуў украінскі прыяцель, які пайшоў на фронт.

Аліна Рудзіна падчас «Lviv BookForum». Яна першая з кампаніі, хто перабраўся ў Львоў. Гэта адбылося ў студзені 2021 года. Фота: Яўген Атцецкі

«Я прачнулася днямі, сувязь была паганая. І такая трывожная цішыня! Звычайна ёсць хоць нейкія гукі, а тут увогуле нічога. Думаю: можа, выбух быў, а я не ведаю. Я пайшла да Анісы, недзе ў горадзе злавіла інтэрнэт, крамы не працуюць, а тыя, што працуюць, прадаюць за гатоўку, і яна становіцца вельмі каштоўнай. У нашым пабе мне могуць нешта прыгатаваць і сказаць: «Заўтра заплаціш».

«Нашам пабам», альбо «Алініным пабам» у суполцы называюць львоўскі бар «With Friends» – сталае месца сустрэчаў, бамбасховішча. Калі горад абстрэльваюць, у цемнаце яго склепу атрымліваюцца атмасферныя вячоркі з віном: «Мы можам правесці дзень у некалькіх бамбасховішчах з розным прызначэннем. Пайсці на сняданак у паб, перасунуцца ў краму і аказацца на культурніцкай падзеі ў Лялечным тэатры».

Акурат у Лялечным тэатры праходзілі львоўскія кінапаказы фестывалю «1084. На мяжы» – яго прыдумала Таццяна Гацура, якая да апошняга ў Беларусі ладзіла «Watch Docs Belarus», а тусоўка дапамагла зарганізаваць. На паказах збіралі ахвяраванні на вакуумную тэрапію параненых, сярод іншага глядзелі «Кураж» Лёшы Палуяна пра беларускія пратэсты. Украінцы на абмеркаванні пыталі, што ж пайшло не так, а потым усе разам выпівалі ў «Алініным пабе».

«Цяпер такая шчыльнасць культурніцкіх падзеяў, – адзначае Аліна, – што на днях схадзілі на канцэрт арганнай музыкі. Гэта як адваёўваць права на сваё жыццё, калі твае планы ўвесь час разбураюцца». Тыя культурніцкія падзеі сфакусаваліся на зборы грошай: на абутак, адзенне, цеплавізары, рацыі, лячэнне – словам, на вайну.

«Мы жывем не тое жыццё, якое нас прымушаюць жыць»

«Неяк падчас абстрэлаў знікла асвятленне, – расказвае Анісія на сняданку ў перапоўненай кавярні ў цэнтры Львова. – І першае, што мы зрабілі, – гэта ўсе разам пайшлі да Аліны, а потым сабралі прадуктаў і пайшлі да Жэні з Юляю, бо ў іх працоўная духоўка. Пячы шарлотку».

З кватэры Аліны пачалася гэтая тусоўка. На момант пачатку поўнамаштабнай вайны яна ўжо больш як год жыла ў Львове і прымала ў сябе тых, хто прыязджаў ці праязджаў горад: «Некалькі тыдняў у мяне бесперапынна званіў тэлефон і прыходзілі паведамленні: паўсюль былі запыты на эвакуацыю, пераночыць, прыняць душ».

Першыя месяцы ў яе ўдома жылі ад трох да васьмі чалавек адначасова. Сярод іх – Юля і Яўген, якія эвакуяваліся з Кіева: «Мы думалі, хутка здымем жытло, але рынак умомант абваліўся, бо праз Львоў ішла вялізная плынь людзей, і мы засталіся ў Аліны на тры месяцы». Па ключы ад адной з кватэраў грамадскай ініцыятывы «Free Belrus Center» на другі дзень вайны зайшла яго работніца Анісія – яны з Ягорам таксама эвакуяваліся са сталіцы. Хутка да Аліны прыехала Таццяна, якая ўцякла з-пад следства ў Беларусі, пасля яна пераехала да сваёй сям’і ў Кіеве.

Яўген і Юля ў студыі «Berliner» у Львове. Гэта месца, прысвечанае аналагавай фатаграфіі. Тут можна самастойна праявіць стужку або ўручную надрукаваць чорна-белыя фатаграфіі. З лістапада 2022-га Юля, Жэня і Аніса друкуюць здымкі, зробленыя ў Львове. Асноўны стужкавы архіў Яўгена застаўся ў Менску. Фота: Яўген Атцецкі

Натуральным чынам да кампаніі далучылася Паўліна, на момант вайны таксама жыхарка Львова. Усе разам збіраліся на дранік-вечары ды пілі здабытыя ў час сухога закону літры грузінскага віна. Потым з Харкава ў горад трапіў Алег. Яго развярнулі на мяжы з Польшчай, і да справы далучыўся «Free Belarus Center»: «Мне напісала Анісія і запрапанавала спыніцца ў іхнай кватэры. Яна сказала: «Калі хочаш, зайдзі забяры ключы, альбо можаш папіць з намі піўка». Алег стаў жыць у кватэры Анісіі ды Ягора, у тусоўцы яго адразу ацанілі за гатаванне.

Цяпер Аліну тут часам жартаўліва называюць мамаю, могуць спытаць, ці дазваляе яна есці з нажа. У іх агульны чацік з замацаванымі пастамі кшталту «Як падрыхтавацца да ядравай вайны», асобны слоўнік і агульныя традыцыі, у асноўным звязаныя з алкаголем. Напрыклад, выпіць гэтак званую расхадуху на развітанне альбо пайсці на «пахмельны» сняданак у грузінскую кавярню і няспешна есці там хінкалі. Калі нехта пераходзіць украінскую мяжу, дзе тэарэтычна могуць праверыць тэлефон, яе ці яго закідваюць «праўкраінскімі» стыкерамі «Бандера одобряе», «Спрей от русских» ці «Слава ЗСУ».

«Гэта, магчыма, нейкі беларускі гештальт. Мы недаатрымалі поўнай салідарнасці ў 2020 годзе, таму аб’ядналіся і закрылі гэты гештальт тут, – кажа Паўліна. – Ёсць уражанне, што нас спынілі мянты, але не спыніла русня: мы жывем не тое жыццё, якое нас прымушаюць жыць. Я ў тым ліку праз гэта не з’язджала: мяне такая злосць узяла! Я ў Беларусі была вымушаная нешта неяк, а цяпер і тут прымушэнне. А мы ўзялі і адаптаваліся».

На адну з вячэраў сабраліся ў Анісіі ўдома: запрашалі на пюрэ і катлеты, Алег прыгатаваў крабавую салатку. «Мая праца цяпер – кухарыць, – казаў ён у чаканні, калі яму зарганізуюць калідор на мяжы. – Гэтыя людзі максімальна замяняюць мне сям’ю, менавіта таму мне хочацца гатаваць для іх».

Ягор Бабоў, Анісія Казлюк і іхны кот Паважаны. Паважаны родам з Запарожжа, дзякуючы беларусам у лютым 2022-га ён знайшоў новы дом. Амаль ува ўсіх беларусаў з гэтай кампаніі ёсць хатнія гадаванцы. Хтосьці перавёз іх з Беларусі, хтосьці завёў ужо ва Украіне, а хтосьці глядзіць ката, пакуль ягоны гаспадар – на фронце. Фота: Яўген Атцецкі

Ужо аказаліся зрэалізаваныя плоў паводле азербайджанскага рэцэпту, сметанкова-грыбны суп і курнік: «Нельга іх карміць адным і тым жа. Я настолькі знудзіўся па пратэставай Беларусі, грэў у сэрцы гэтыя вуглі, што дагараюць, а тут трапіў проста ў жэрла вулкану актыўнай пратэставай тусоўкі. Упершыню за некалькі гадоў я адчуў сябе несамотным. Дзяўчаты ўгаворваюць застацца, і, калі шчыра, мне ўжо не хочацца з’язджаць». Алегу так і не далі калідору на мяжы, каб выехаць у Польшчу.

«Як сям’я – напэўна, так і ёсць, усе мы тут аказаліся адрэзанымі ад вялікіх сем’яў з бацькамі, бабулямі, цёцямі, – кажа Юля. – Здараецца экзістэнцыйны досвед, калі тваё жыццё ўжо не можа быць такім, як раней. Як досвед эміграцыі альбо жыцця падчас вайны. Ён вельмі моцна збліжае людзей. Мне бывае складана патлумачыць камусьці звонку, што жыць на вайне – гэта не як у фільмах: ты бяжыш некуды з каромыслам, у цябе за спінаю выбухае снарад, і ты падаеш у акоп».

Па верхніх кухонных шафах лазілі каты Паважаны і Сатана. За сталом абмяркоўвалі, ці не сустрэць Ягора з паездкі з караваем, слухалі відэапаведамленні ад Таццяны, перайшлі да «нармальнай беларускай тэмы» – легалізацыі. Разыходзіліся, каб паспець трапіць дадому перад каменданцкаю гадзінаю, катлеткі бралі з сабою.

«Проста патрэбныя людзі аказаліся ў патрэбным месцы. Мы перажылі падобны досвед: спачатку беглі з Беларусі, потым ад вайны, недзе сышліся на пачуцці гумары, пачалі разам падарожнічаць, – разважае Яўген. – І мы жывем у пешай даступнасці адно ад аднаго. Мне гэта нагадвае вёску ў дзяцінстве, калі ты можаш зайсці да сябра проста таму, што ты ішоў побач і табе захацелася».

«Мне цікава паглядзець, як будзе мяняцца грамадства пасля перамогі»

«У Львове я адчуваю сябе ў большай бяспецы, чымся ў Менску», – падсумоўвае Юля. Калі эвакуяваліся з Кіева, яны з Яўгенам меркавалі трапіць у Польшчу. Калі б паспелі на належны аўтобус, магчыма, там цяпер і былі б. У выніку пара дабралася да Львова, агульная з Алінаю сяброўка дамовілася, каб тая прыняла іх у сябе:

«Тыдзень я моцна мучылася: хачу застацца, але нешта кажа, што трэба ехаць. Я ўявіла, што прыязджаю ў Польшчу і ляжу ў дэпрэсіі – так сабе гэта намалявала. А тут я была ў максімальна далёкім ад дэпрэсіі стане. Рашэнне прымалася не вельмі рацыянальна: ты проста ведаеш, што трэба так рабіць».

Перад вайной, успамінае Юля, яна дзялілася з Яўгенам адчуваннем, што тут адбываецца нешта важнае, і хочацца не назіраць гэта збоку, а быць унутры: «Я ўпэўненая, што Украіна пераможа, і мне вельмі цікава паглядзець, што будзе далей, як будзе мяняцца грамадства. Гэта досвед, якога мы не атрымалі ў Беларусі».

Мы размаўляем, калі ў Львове трывае фестываль «1084. На мяжы». Залучаны ў праграму «Кураж» не можа быць паказаны ў Беларусі і з меркаванняў бяспекі не можа быць паказаны онлайн. На момант выхаду матэрыялу тусоўка адкрыла ў Адэсе выставу плакатаў Уладзіміра Цэслера – на нашай тэрыторыі, вядома, таксама немагчымую, сам Уладзімір быў вымушаны з’ехаць за мяжу. На рахунку каманды – выстава «Кольори білоруської революції», прысвечаная звязаным з Украінаю беларускім палітвязням: у Львове, Бучы, Адэсе, яшчэ плануецца ў Кіеве і Чарнігаве. Зноў жа: немагчыма ў Беларусі.

Аліна Рудзіна, Данік Задарожны, Юля Арцёмава, Ягор Бабоў і кацяня Сатана падчас адной з вечарынак у Львове. Фота: Яўген Атцецкі

«Тут бяспечна выказваць сваё меркаванне, бяспечна спрачацца з уладаю, – кажа Анісія, – проста ёсць е**нуты сусед, але небяспека ад яго абазначаная: калі нешта ляціць, цябе папярэджвае трывога, ты можаш схавацца. У Беларусі ж ты жывеш з пачуццём, што да цябе могуць у любы момант прыйсці а шостай раніцы без нагоды і папярэджання».

Анісія з Ягорам таксама меркавалі трапіць у Польшчу. Але праз чэргі на мяжы затрымаліся ў Львове і ў выніку засталіся: Анісія працуе тут у трох НДА, у яе «асабліва і магчымасці не было з’язджаць», а Ягор прыняў рашэнне дзяўчыны і застаўся з ёю: «Цікава тут было. Да таго ж прывезлі б нас на мяжу, дзе куча людзей і стрэсу: не факт, што мы б трапілі ў Польшчу, а калі б трапілі, то ў такую ж а**елую Варшаву. А галоўнае, у нас засталося б адчуванне першых дзён вайны, а я камунікаваў з людзьмі, якія з’ехалі адразу: ім страшна. У нас жа сігнал трывогі – я раблю джын з тонікам, іду гляджу».

Калі пачалася вайна, Аліна ўжо была часткаю мясцовай тусоўкі, і гэтая сувязь з людзьмі зрабілася галоўнаю: «Праз тры месяцы я пайшла ў нашую ўлюбёную кавярню. Мне трэба было паказаць мясцовым знаёмым, што я з імі засталася, што я свая».

Таццяна Гацура-Яворская застаецца ў Кіеве разам з мужам і сынам, з якімі надоўга была разлучаная: калі была ў СІЗА, улады Беларусі вымусілі Уладзіміра Яворскага разам з сынам пакінуць Беларусь, даўшы на гэта тры дні. Цяпер Уладзімір мусіць заставацца ва Украіне, выехаў толькі на ўручэнне Нобэлеўскай прэміі Цэнтру грамадзянскіх свабодаў, дзе працуе. Таццяна развозіць гуманітарную дапамогу, арганізуе фестываль, збірае грошы на vac-тэрапію параненых. «Цяпер задача – перажыць зіму», – меланхалічна прамаўляе яна, калі мы выйшлі на адзін з легендарных львоўскіх дэсертаў падчас паказу «Куража».

Таццяна Гацура-Яворская ў дзень прэзентацыі фільму «Кураж» у Львове ў межах кінафестывалю «1084. На мяжы» (1084 км – даўжыня супольнай украінска-беларускай мяжы). Таццяна – арганізатарка фестывалю, яе мэта – зрабіць беларускую культуру і сучасную гісторыю больш бачнай для ўкраінцаў, і наадварот: украінскую – для беларусаў. Украінская частка «1084. На мяжы» праходзіць у Кіеве, Львове і Адэсе, беларуская даступная для прагляду ў Беларусі онлайн. Фота: Яўген Атцецкі

«Мне падаецца, нас згуртаваў выбар неад’езду, – разважае Паўліна. – Агульнае перажыванне: усе з нейкай сваёй прычыны засталіся, і гэта нерацыянальная гісторыя, іншыя адчуванні ды іншае пражыванне жыцця, для якіх складана падабраць фармулёўкі».

«У вайну мы ўсе жывем адным днём – сённяшнім»

«Калі пачынаецца паветраная трывога – абавязкова трэба сказаць «ё*аная русня», – вучыць Аліна. Львоўскія беларусы – іншыя, «чоткія», тут не падбіраюць памяркоўных словаў.

«У нас шчыра можна ад чаго-небудзь а**еваць, шчыра срацца на палітычныя тэмы, і гэта супер, бо ў нас усе прадстаўляюць розныя плыні, усе па-рознаму ўяўляюць будучыню Беларусі, – кажа Паўліна, а Ягор працягвае. – Калі нехта адзін пачаў душніць, ты выходзіш паразмаўляць з іншым. А калі пасраліся – выпілі расхадуху».

Тут бесперапынна робяць справу: валанцёраць і штосьці супольна арганізоўваюць. А калі не супольна, то другая частка далучаецца як наведнік/слухач/глядач, а пасля ўсе разам ідуць у «Алінін паб».

Алег у выніку, так і не дачакаўшыся калідору на мяжы, вярнуўся ў Харкаў, дзе яго чакала прапанова працаваць цырульнікам-стылістам. Там усё яшчэ выбухае, але з электрычнасцю, кажа, сітуацыя не такая дрэнная.

Алег Восіпаў у кватэры ў Анісіі ды Ягора, якая сталася для яго часовым домам у лістападзе 2022-га. Дакументы Алега згарэлі праз расейскую ракету, якая патрапіла ў будынак СБУ ў Харкаве. У Львове Алег дамагаецца дакументаў, каб мець магчымасць выехаць за мяжу. Фота: Яўген Атцецкі

У лістападзе ў тусоўцы гучалі пастановы, што калі электрычнасці ў Львове не будзе дзесяць дзён запар, давядзецца з’язджаць. За гэты месяц перспектыва застацца без выгодаў на напружана доўга стала больш імавернай, але паказы фестывалю рыхтуюцца ў Адэсе, тусоўка займела генератар, абмяркоўвае «Starlink».

«У вайну мы ўсе жывем адным днём – сённяшнім. Але калі гэты дзень ты пражываеш з тымі, каго лічыш сям’ёй, гэта не параўнаецца нават з магчымасцю планаваць будучыню», – высакамоўнічае Алег. Ён плануе прыехаць у Львоў на Новы год. На Новы год тут, вядома, супольныя планы.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату