У Кіеве цалкам аднавілі цеплазабеспячэнне пасля апошніх абстрэлаў

Расея 16 снежня нанесла масаваны ракетны ўдар па аб’ектах крытычнай інфраструктуры адразу ў некалькіх рэгіёнах Украіны, у тым ліку і па Кіеве, пасля чаго пачаліся праблемы з электрычнасцю і водазабеспячэннем. На раніцу 18 снежня ў Кіеве цалкам аднавілі цеплазабеспячэнне, заявіў мэр гораду Віталій Клічко.

Паводле мэра Кіева, пасля апошніх абстрэлаў горад «вяртае працу ўсіх сэрвісаў». У прыватнасці, цалкам адноўленая сістэма цеплазабеспячэння сталіцы:

«Усе крыніцы цеплазабеспячэння працуюць у штатным рэжыме. На працягу дня камунальнікі будуць працаваць па асобных дамах, дзе могуць узнікаць лакальныя праблемы з цяплом».

Кіеў без электрычнасці. Фота: Ukrainer

Аднак у Кіеўскай вобласці больш за 600 тысячаў чалавек дасюль без святла, заяўляе кіраўнік кіеўскай АВА Аляксей Кулэба. Паводле яго, камунальнікі паступова аднаўляюць цеплазабеспячэнне пасля расейскіх абстрэлаў, але экстраныя адключэнні электраэнергіі працягваюцца.

«Укренерго» таксама паведамляе, што ўсе АЭС, акрамя Запарожскай, выйшлі на планавую магутнасць.

«Аварыйна-аднаўленчыя работы працягваюцца па ўсёй Украіне ў высакавольтных і размеркавальных сетках дына электрастанцыях. Умовы надвор’я (узмацненне маразоў, моцны вецер) ускладняюць рамонтныя працы», – паведамляюць у «Укренерго».

У Генштабе ЗСУ заяўлялі, што падчас масаванага ўдару 16 снежня расейскія войскі выпусцілі па Украіне 98 ракетаў, 40 з іх па Кіеве. 37 ракетаў, якія ляцелі ў бок сталіцы, удалося збіць.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны