«Горадня Азот» выпусціў токены на € 3 млн на платформе «Finstore» 15 снежня. Інвестарам абяцаюць 5 % гадавых, а грошы гарадзенскі «Азот» плануе выдаткаваць на мадэрнізацыю. Але ёсць пытанне, ці верне іх.
Адзін токен каштуе € 300. На момант публікацыі ўжо прадалі 391 токен з 10 тысячаў.
Чамусьці прадпрыемства выбрала менавіта еўра, хоць ЕЗ забараніў даваць Беларусі валюты Еўразвязу за выключэннем вывазу для асабістага карыстання. Пры гэтым «Горадня Азот» папярэджвае аб «краінавай рызыцы», згодна з якой гэтыя грошы можна назад і не атрымаць.
«Краінавая рызыка – рызыка ўзнікнення ў замоўцы ICO [«Горадня Азот». – Заўв. рэд.], неатрымання запланаваных даходаў у выніку невыканання або неналежнага выканання контрагентамі якой-небудзь краіны абавязкаў з прычыны эканамічных, палітычных, сацыяльных зменаў, а таксама з прычыны таго, што валюта грашовага абавязку можа быць недаступная контрагенту ў выніку асаблівасцяў заканадаўства (незалежна ад фінансавага становішча самога контрагента)», – піша прадпрыемства ў«White paper».
Раней некаторыя іншыя дзяржпрадпрыемствы таксама выпускалі токены. Напрыклад, МАЗ хацеў сабраць $ 2 млн, каб адправіць каманду «МАЗ-СПОРТаўта» на ралі «Дакар-2022», але прадстаўнікі заводу ўсё роўна туды не трапілі з увагі на санкцыі.
Арсен Рудэнка belsat.eu