Беспрэцэдэнтная падтрымка. Дзевяць краінаў паставяць Украіне танкі і іншыя цяжкія ўзбраенні

Дзевяць краінаў збіраюцца паставіць Украіне танкі, цяжкую артылерыю, сродкі супрацьпаветранай абароны, боепрыпасы і баявыя машыны пяхоты. Аб гэтым гаворыцца ў агульнай заяве, якая атрымала назву «Таллінскія абяцанні». 

Удзельнікі сустрэчы ў Талліне 19 студзеня 2023 года. Фота: МЗС Вялікай Брытаніі / Twitter / DefenceHQ

19 студзеня ў Талліне адбылася сустрэча міністраў абароны Эстоніі, Вялікабрытаніі, Польшчы, Латвіі, Літвы і прадстаўнікоў Даніі, Чэхіі, Нідэрландаў і Славакіі. Пасля сустрэчы яе ўдзельнікі зрабілі сумесную заяву, якая атрымала назву «Талінскія абяцанні» (The Tallinn Pledge).

Падпісанты дакумента адзначаюць, што ўзбройваць Украіну для выцяснення Расеі з акупаванай украінскай тэрыторыі гэтак жа важна, як і ўзбройваць украінцаў для абароны той тэрыторыі, якая знаходзіцца пад украінскім кантролем.

«Разам мы працягнем падтрымліваць Украіну, каб перайсці ад супраціву да выгнання расейскіх сіл з украінскай тэрыторыі. Шляхам абʼяднання саюзнікаў і партнёраў, мы забяспечваем, што рост глабальнай ваеннай падтрымкі будзе максімальна стратэгічным і скаардынаваным», – гаворыцца ў сумеснай заяве.

Пры гэтым, у дакуменце адзначаецца, што новы ўзровень неабходнай баявой моцы можа быць дасягнуты толькі толькі комплексным чынам, калі спалучаецца патэнцыял танкаў, СПА, супрацьракетнай абароны ў сумесных дзеяннях з групамі дывізійнай артылерыі і высокадакладным агнявым навядзеннем, што дапаможа паражаць лагістычныя і пункты кіравання на акупаваных тэрыторыях.

«Таму, мы калектыўна абавязваемся дабівацца пастаўкі беспрэцэдэнтнага набору ахвяраванняў, у тым ліку танкаў, цяжкай артылерыі, супрацьпаветранай абароны, боепрыпасаў і баявых машын пяхоты для абароны Украіны», – адзначаецца ў заяве.

Адзначана, што гэтая дапамога будзе паступаць з нацыянальных вайсковых запасаў і рэсурсаў. У заяве таксама падрабязна пералічана, якая краіна якое ўзбраенне паставіць.

Ухваліўшы «Талінскія абяцанні», прадстаўнікі дзевяць краін адпраўляюцца на пасяджэнне Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны («Рамштайн-8»), якое адбудзецца 20 студзеня на авіябазе «Рамштайн», і заклікаюць іншыя краіны зрабіць іх уласны ўклад падтрымкі, «каб як мага хутчэй забяспечыць перамогу Украіны на полі бою ў 2023 годзе».

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны