Суды за песню, за падтрымку мужа і за прагляд ролікаў. Хроніка рэпрэсіяў 19 студзеня

Не спыняецца хваля рэпрэсіяў беларусаў рэжымам Лукашэнкі. «Белсат» працягвае адсочваць факты, падзеі і зʼявы, з гэтым звязаныя. 19 студзеня не стаў выключэннем з шэрагу пераследаў, судоў, уціску.

У Цэнтральным судзе Менску 19 студзеня пачалі судзіць палітзняволеную спявачку Мэрыем Герасіменку. Яе затрымалі ўлетку пасля выканання песні ўкраінскага гурта ў адным з менскіх бараў і цяпер вінавацяць паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Справу разглядае «суддзя» Вікторыя Шабуня.

У Беларусі ёсць выпадкі, калі ўдзельнікі мінулых пратэстаў некалькі разоў выплачваюць адныя і тыя ж штрафы і дзяржаўныя пошліны паводле адміністратыўных справаў. Пра гэта «Белсату» распавяла адна з асуджаных у справе пратэстаў 2020 года. Рэдакцыя просіць чытачоў падзяліцца інфармацыяй пра іншыя падобныя выпадкі, скарыстаўшы абаронены рэдакцыйны бот у Telegram.

19 студзеня праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ дзевяць асобаў. Гэта Дзмітрый Адарачкін, Андрэй Купрэеў, Вадзім Баранаў, Мікіта Маляр, Максім Палянскі, Пётр Пятруша, Руслан Красаў, Аляксандр Сініца, Аляксандр Труш.

Берасцейскі абласны суд 19 жніўня абвясціў вырак палітычнай зняволенай Дар’і Лосік: за падтрыманне ейнага мужа-палітвязня, блогера Ігара Лосіка ёй прысудзілі 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Дар’ю, як і мужа, праваабаронцы прызналі палітычнай зняволенай.

19 студзеня стала вядома, што экспертку ў этыкеце і бізнес-трэнерку, сябру Каардынацыйнай рады Аксану Зарэцкую абвінавачваюць паводле артыкулу 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яе затрымалі ў канцы леташняга снежня. З ёю ў крымінальнай справе праходзіць палітвязень, заснавальнік кампаніі «Astronim» і фестывалю «Белы Квадрат» Багдан Каравец.

У Менскім гарадскім судзе агучылі вырак Віктару Савашэвічу, стваральніку і адміністратару тэлеграм-каналу пра суддзяў «23.34». Яму прызначылі пакаранне – 11 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Савашэвіча прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт 130 (Распальванне іншай сацыяльнай варожасці) і ч. 6 арт.16 і ч. 3 арт.130 (Саўдзел у распальванні варожасці) КК. Вырак вынес суддзя Сяргей Хрыпач.

У Кастрычніцкім судзе Віцебску вынесены прысуд па справе Дзяніса Хаўханава паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) Крымінальнага кодэксу. Малады чалавек мае асаблівасці слыху. Але суддзя Сняжана Кіндзеева асудзіла яго на адзін год і два месяца пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У віну хлопцу паставілі каментары «негатыўна ацэньвалі, прыніжалі аўтарытэт, гонар і годнасць Лукашэнкі». Супраць Дзяніса сведчыў яго аднакурснік, які паведаміў, што «чуў неаднаразова ад яго негатыўныя выказванні на адрас Лукашэнкі. Таксама бачыў, як Хаўханаў у мэсэнджары Тэлеграм праглядаў ролікі, якія крытыкуюць Лукашэнку».

Антон Тачняк belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны