Святлана Алексіевіч піша новую кнігу з працоўнай назвай «У чаканні варвараў»

Лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі, беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч падчас сустрэчы з чытачамі ў Берліне 14 студзеня апавяла аб працы над новаю кнігаю, піша «Позірк».

Святлана Алексіевіч. Фота: Позірк

Папярэдняя назва новай кнігі – «У чаканні варвараў». Паводле Алексіевіч, гэты выраз яна пазычыла ў грэцкага паэта пачатку ХХ стагоддзя Канстантынаса Кавафіса – аўтара аднайменнага вершу.

Кніга пра сённяшні час, у якім «мы ўсе цяпер неяк бездапаможна застылі і ўвесь час апавядаем сабе страшнае нашае жыццё, прыклады і чакаем варвараў». Значная частка прысвечаная спробе беларускай рэвалюцыі 2020 года.

«Нягледзячы на тое, што ўвесь час казалі: «Пакуль мы не пачнём паліць апоны, мы не даможамся волі», я была супраць крыві, – падкрэсліла Алексіевіч. – Мой дом у цэнтры гораду. Штораніцу я бачыла, якая колькасць вайсковай тэхнікі ішла ў горад. І я ўяўляла, што калі выйдуць студэнты (а першымі, вядома, выйдуць маладыя людзі), то яны будуць усе знішчаныя».

Нобэлеўская лаўрэатка перакананая: «Народ у той момант не быў гатовы да кактэйляў Молатава. Мы ішлі як на свята, бралі дзяцей, нават хатніх гадаванцаў. Гэта было так прыгожа, так здорава».

Героі кнігі – беларусы, якія прайшлі праз падзеі 2020 года і пражываюць тое, што адбываецца сёння. Знаходзіць іх, паводле пісьменніцы, няцяжка, бо шмат хто выехаў за мяжу, а тыя, хто застаецца, час ад часу прыязджаюць, і з імі можна сустрэцца.

Ціханоўская: Нобэлеўскай лаўрэатцы Алексіевіч пагражаюць, што забяруць менскую кватэру

Кніга даецца пісьменніцы няпроста, бо «зверства чалавечае, жывёльнае», што «выпаўзае», ёй «не толькі брыдкае», яно яе «паралізуе як чалавека».

«Я не ведаю, як з гэтым пасля жыць. Ёсць роспач. Суцешыцца няма чым: зло – досыць драпежная рэч. Ты ў гэта апускаешся і пачынаеш вывучаць. Галоўнае не зрабіць гэта так цікава, каб людзей гэтае зло не адштурхоўвала, а, наадварот, паказвала, якое яно бяздоннае. Дабро прасцейшае, пра яго цяжэй пісаць», – сказала Алексіевіч.

Таксама праблема ў самой ідэі, бо «сабраць кучу кашмараў нашых, калекцыю гэтых жахаў – гэта не тое. Сёння трэба на шмат пытанняў нанава адказаць», мяркуе Алексіевіч і таму так доўга піша сваю кнігу.

Святлана Алексіевіч прызналася, што сумуе па Менску і «вельмі пакутуе» праз тое, што з’ехала, а «многія з нашых засталіся». Людзі ў краіне «перажываюць складаны час», а яна адчувае сябе вінаватай за тое, што не вярнулася. Разам з тым пісьменніца не думае, што «правільны адказ – з’ехаць і сесці на Акрэсціна ў турму».

«Але гэта ўсё адно мучыць, што ты тут», – дадала яна.

Беларусам, перакананая пісьменніца, трэба спыніць спрэчкі і ўзаемныя абвінавачванні:

«У кожнага свой лёс, кожны любіць Беларусь, трэба неяк захаваць тое, што можна».

Хто ці што замінае беларускамоўным аўтарам

Святлана Алексіевіч дзеліцца, што шмат якія беларусы пытаюць, чаму яна піша кнігі па-расейску. Набэліятка тлумачыць:

«[Савецкая] ідэя гаварыла па-расейску, я пісала на расейскай. І тады, куды ні прыеду, у Кіеў, Ташкент, усе размаўлялі на расейскай мове, і гэта была праўда часу, праўда ідэі. Я б нават не змагла пісаць на беларускай, бо людзі не размаўлялі на добрай беларускай мове, якую цяпер я часта чую ад маладых. Гэта не «наркамаўка», а сапраўдная беларуская мова, але яе мала хто ведае».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны