21 лютага, у Дзень роднай мовы Музей Вольнай Беларусі, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні запрашаюць беларусаў з усіх куткоў свету ўзяць удзел у агульнанацыянальнай онлайн-дыктоўцы.
Як адзначаюць арганізатары, сёлета дыктоўка прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, які лічыў, што лёс беларускай мовы неразрыўна звязаны з незалежнасцю нашай краіны: «Будзе незалежнай Беларусь ‒ будзе ўсё. У тым ліку мова і культура».
«Сёння, калі перад беларусамі асабліва востра стаяць пытанні абароны незалежнасці, а значыць, і захавання мовы, – адзначаюць арганізатары дыктоўкі, – мы ні ў якім разе не павінны забываць пра гэтыя мудрыя словы нашага славутага пісьменніка».
Дыктоўку прачытае намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. З уступным словам таксама выступіць прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык.
Агульнанацыянальная дыктоўка пройдзе 21 лютага 2024 г. на канале BELSAT LIFE.
Час трансляцыі: 19:00 па Мінску; 18:00 па Вільні; 17:00 па Варшаве.
Далучыцца да трансляцыі можна з любога кутка свету.
Поўны тэкст для праверкі можна будзе знайсці ў сацыяльных сетках Музея Вольнай Беларусі (Instagram и Facebook) адразу пасля заканчэння дыктоўкі.
Таксама арганізатары заклікаюць усіх дбаць пра сваю бяспеку падчас напісання онлайн-дыктоўкі і карыстацца VPN.
Фота вокладкі: Карына Пашко / Белсат
Раман Шавель belsat.eu