Кіраўніца «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы дала вялікае інтэрвʼю Сяргею Будкіну, дзе ў тым ліку параўнала цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі і сітуацыю ў Польшчы ў 1980-х.
Агнешка Рамашэўская-Гузы лічыць, што ёсць шмат падабенства паміж пратэстамі ў Беларусі ў 2020-х і ў Польшчы ў 1980-х, але ў Беларусі сітуацыя горшая.
«У Беларусі тэрор значна мацнейшы, бо іншыя магчымасці. Паколькі цяпер ёсць мабільныя тэлефоны, можна сачыць за кожным праз тэлефон. У вас ёсць камеры назірання паўсюль у горадзе. Вельмі цяжка зрабіць што-небудзь значнае ў Беларусі цяпер», – падкрэслівае яна.
Паводле кіраўніцы, у Польшчы тэрор прайшоў свой пік падчас ваеннага становішча і пачаў змяншацца. А ў Беларусі ён доўжыцца паўтара года. «І гэты варʼят папросту трымае ўсё ў такой найвышэйшай напрузе. У нас людзі не атрымлівалі па 14–18 гадоў, бо гэта было немагчыма», – дадае яна.
Агнешка Рамашэўская-Гузы лічыць, што для пераменаў у краіне мусяць супасці дзве рэчы: сталасць грамадзянскай прагі свабоды і гістарычны момант у палітычным сэнсе. Так, напрыклад, было ў Польшчы ў 1918-м і 1989-м.
«Мы ў Польшчы называем гэта «гістарычным акном», у якое трэба было ўскочыць і схапіцца… Без гэтага вельмі цяжка. Бо, на жаль, у Беларусі за спінаю Пуцін і Расея», – канстатуе яна.
Кіраўніца «Белсату» лічыць, што пратэсты ўзору 2020 года ўжо не паўторацца ў Беларусі.
«Думаю, што больш былых пратэстаў не будзе. Цярпенне беларусаў, калі зноў нешта здарыцца, ужо вычарпанае. Не думаю, што яны будуць хадзіць яшчэ раз са сцягамі і кветкамі. Не ведаю, можа так і будзе, але так не думаю. Я пабачыла ўзровень расчаравання і не магу ўявіць, каб нармальныя людзі зноў жадалі катаванняў на чарговым Акрэсціна. Думаю, што так больш не будзе. А як? Я не ведаю. Гэтага ніхто не ведае».
Таксама яна дала параду беларускаму грамадству і апазіцыі:
«Я магу сказаць, што салідарнасць – гэта вельмі важна паміж людзьмі. Вельмі важна. Людзі не мусяць пачувацца самотнымі. Другое вельмі важнае – гэта СМІ, бо гэта спосаб барацьбы. Таму што праз іх можна дайсці да людзей.
Пажадана таксама не ствараць світы вакол Святланы Ціханоўскай, бо я назірала за світаю вакол Валэнсы – і гэта выглядала вельмі паталагічна. Я гэтага баюся, бо сітуацыя крыху падобная, таму папярэджваю. Каб кожны дакладна ведаў, што і навошта рабіць. Бо часам людзі могуць спрачацца пра шкуру мядзведзя, што бегае па лесе».
Цалкам інтэрвʼю Агнешкі Рамашэўскай-Гузы каналу «Тэлебудка» можна паглядзець тут.
РР belsat.eu