Траціна людзей, абвешчаных у Беларусі ў вышук, хаваецца ў Расеі

Амаль 30 % людзей, абвешчаных у вышук беларускай міліцыяй, хаваюцца на тэрыторыі Расеі. Пра гэта заявіў кіраўнік беларускага МУС Іван Кубракоў на супольнай калегіі міністэрстваў унутраных справаў у Маскве 18 красавіка, паведамляе «Мінская праўда».

Іван Кубракоў. Фота: mlyn.by

«Актуальнасць тэмы пацвярджае статыстыка: амаль 30 % злачынцаў, якія адшукваюцца беларускай міліцыяй, хаваюцца на тэрыторыі суседняй дзяржавы. Каля 43 % зніклых без вестак у розны час і па розных прычынах выехалі ў Расею», – заявіў Кубракоў.

З ягоных словаў, «асаблівую небяспеку ўяўляюць тыя, хто застаецца ў вышуку за ўчыненне экстрэмісцкіх або тэрарыстычных злачынстваў, хто мае дачыненне да незаконных узброеных фармаванняў і міжнародных злачынных групаў».

Кубракоў таксама падкрэсліў, што не павінна быць перашкод для выдварэння ў краіну грамадзянскай прыналежнасці тых асобаў, якія хаваліся і былі затрыманыя на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што міністэрствы ўнутраных справаў Беларусі і Расіі ўжо «адпрацавалі тактыку і методыку выяўлення і затрымання асобаў, якія застаюцца ў міждзяржаўным вышуку».

Кіраўнік расейскага МУС Уладзімір Калакольцаў распавёў, што з пачатку 2022 года на тэрыторыі Расеі затрымалі каля 900 чалавек, якія хаваліся ад праваахоўных органаў Беларусі.

Алена Рувіна belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны