«Людзі ў цывільным» сталі адводзіць «на размову» беларусаў, якія прылятаюць у менскі аэрапорт

У нацыянальным аэрапорце «Менск», як стала вядома 18 траўня, сілавікі ладзяць допыты беларусам, якія вяртаюцца з-за мяжы – паводле звестак «Медыязоны», затрымалі і аштрафавалі прынамсі адну жанчыну, у воблачным сховішчы якой знайшліся здымкі з акцыяў пратэсту. Чытачы выдання «Зеркало» расказалі, як праходзяць праверкі.

Нацыянальны аэрапорт «Менск», Беларусь. 30 красавіка 2020 года. Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Паводле суразмоўцаў выдання «Зеркало», праверкі ў аэрапорце такія самыя, як на наземнай мяжы.

Аляксей расказаў, што, на ягоную думку, пасажыраў правяраюць паводле базы «Беспорядки», у якую сілавікі заносяць усіх, каго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, і ўсіх, хто фігураваў у палітычных крымінальных і адміністратыўных справах. Калі знаходзяць чалавека ў базе, памежнікі дакладваюць старшаму змены, просяць чакаць. Пасля гэтага «чалавек у цывільным» вядзе ў кабінет, дзе ладзіць допыт на камеру і правярае змесціва тэлефона.

Марына расказала, што такім чынам правяралі ейнага мужа. Агулам каля 15 чалавек, якія прыляцелі, не выпусцілі з пашпартнага кантролю, усіх адсадзілі і па адным запрашалі на размову з «людзьмі ў цывільным», якія «вялі сябе як начальнікі ўсіх навокал» – на думку жанчыны, супрацоўнікамі Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Мужа выпусцілі толькі праз дзве гадзіны. Распытвалі, адкуль прыляцеў, чаму і з кім вандраваў, дзе жыў. У тэлефоне правяралі ўсе сацсеткі і Youtube, глядзелі галерэю.

«Тэлефоны мы загадзя пачысцілі, максімум, які можна было знайсці, відэа Каца і Варламава ў гісторыі ютуба. Іх быццам бы пакуль легальна глядзець, – расказвае жанчына. – Але наогул нават незразумела, чаму дапытвалі менавіта мужа – да адказнасці ён не прыцягваўся, у пратэстах не ўдзельнічаў».

Мяркуючы з публікацыі «Медыязоны», глядзяць не толькі сацсеткі і Youtube: у жанчыны, якую затрымалі пасля такой праверкі, здымкі з акцыяў пратэсту знайшлі на сховішчы Google Drive.

Акрамя таго, знаёмы жанчыны расказаў, што пісаў ёй пасля праходжання мяжы і што паведамленне было пазначанае як прачытанае, хоць жанчына выдаліла мэсэнджар.

У службе даведак нацыянальнага аэрапорту журналістам «Зеркало» па тэлефоне адмовіліся каментаваць дзеянні «людзей у цывільным».

Тэлефон шмат ведае пра вас. Ці здасць ён вас КДБ?

Як захаваць фота з пратэстаў, каб іх не знайшлі сілавікі

Сілавікі знайшлі новыя спосабы дэананімізацыі ў Telegram. Што рабіць?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны