Ракета, што прыляцела ў Польшчу з боку Беларусі, была начыненая бетонам. Навошта?

Палякі знайшлі боегалоўку ракеты, што ў снежні 2022 года ўпала пад Быдгашчам, расказаў у эфіры RMF FM кіраўнік офісу прэзідэнта Польшчы Павэл Шрот. Боегалоўка была бетонная.

Аскепкі ракеты, знойдзенай пад Быдгашчам, Польшча. 29 красавіка 2023 года. Фота: Jarosław Wolski / Twitter

Боегалоўку цяпер вывучаюць эксперты, расказаў Павэл Шрот, і яна асаблівая: замест выбухоўкі ў ёй бетон.

«Мяркую, што ў такім выглядзе яна была ўсталяваная на гэтую ракету, каб гэтая старая мадэль ракеты магла заблытаць украінскую супрацьпаветраную абарону, – разважае Шрот. – Гэтая ракета не можа лятаць без баявой часткі, таму хтосьці ўсталяваў такую вяршыню расейскай тэхналагічнай думкі».

Інцыдэнт з незаўважаным прылётам у Польшчу ракеты з боку Беларусі не прывёў да гучных адставак. Шрот кажа, што і не чакаў такога: на дадзены момант гэта было б немэтазгодна. Але высновы зробяць, адпаведныя працэдуры ўдасканаляць. Ён запэўніў, што «ў ваенным сэнсе Польшча бяспечная», нападу на Польшчу не чакаюць.

Аскепкі ракеты знайшлі ў лесе недалёка ад Быдгашча ў канцы красавіка 2023 года. Выказваліся здагадкі, што ракета магла належыць польскаму войску. Але пазней эксперты прыйшлі да высновы, што аскепкі – ад расейскай крылатай ракеты Х-55, якая прыляцела з боку Беларусі. Польскія войскі такой ракеты не маюць.

Імаверна, ракету выпусцілі ў снежні 2022 года, калі з тэрыторыі Беларусі падымаліся самалёты, якія абстрэльвалі Украіну, і польскія вайскоўцы тады бачылі нейкі аб’ект, які кіраваўся ў бок Польшчы, але праігнаравалі здарэнне пасля няўдалых пошукаў аскепкаў. Аскепкі ракеты ў лесе знайшлі выпадковыя людзі.

«Patriot» супраць «Кінжалаў». Хто перамагае ў ракетнай вайне ва Украіне?

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны