Белгідрамет выступіў з папярэджаннем аб неспрыяльнай метэаралагічнай з’яве. У краіне абвешчаны памаранчавы ўзровень небяспекі. Прычына гэтага – спёка.
Удзень суботы 19 чэрвеня максімальная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі рэспублікі дасягне +30..+32°С. У Менску максімальная тэмпература паветра дасягне +30°С.
Удзень 20-21 чэрвеня (нядзеля–панядзелак) максімальная тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі краіны складзе +30..+33°С. У Менску максімальная тэмпература паветра дасягне +30+32°С.
Захаваецца гарачае надвор’е і ў аўторак 22 чэрвеня.
Між тым спецыялісты санітарна-эпідэміялагічнай службы з 11 па 17 чэрвеня абследавалі 329 зон рэкрэацыі. Даследавана 806 проб вады, з іх не адпавядалі гігіенічным нарматывам 20 пробаў па санітарна-хімічных паказніках, 12 пробаў па мікрабіялагічных паказніках.
Такім чынам, станам на 17 чэрвеня прапануецца абмежаваць купанне дзяцей у Вільчыцкім вадасховішчы Магілёўскага раёну, а таксама на цэнтральным пляжы возера Алтушскае і пляжы «Цэнтральны» ракі Мухавец у Берасцейскай вобласці.
Апроч таго, прапанавана прыпыніць купанне дзяцей і дарослых і заняткі воднымі відамі спорту на гарадскім пляжы на Дняпры ў парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» ў Гомельскай вобласці.
Таксама спецыялісты раяць забараніць купанне і заняткі відамі воднага спорту ў Магілёве на Дняпры, Грэбенеўскім і Пячэрскім вадасховішчах і на Дняпры ў аграгарадку Палыкавічы Магілёўскага раёну.
МГ belsat.eu