«Цвікі б рабіць з гэтых людзей…»

Аляксандр
Кныровіч
Прадпрымальнік, блогер

Ліцэю БДУ надалі імя Фелікса Дзяржынскага, Жалезнага Фелікса. Лічу, што гэта вельмі добрае, своечасовае рашэнне. І не варта слухаць розную беларускую інтэлігенцыю, не варта сумаваць!

Ліцэй БДУ ў Менску, Беларусь. 9 жніўня 2020 года. Фота: Белсат

Чалавек жа быў паказальны, хоць да Беларусі і беларусаў ніякага дачынення не меў, акрамя геаграфічнага месца нараджэння. Ды ці мала хто дзе нарадзіўся. Вялікі беларус Уладзімір Мулявін – нарадзінец Петразаводску, і нічога, гэты факт не перашкаджае лічыць яго выбітным беларусам. Тым больш, што сам Фелікс, пакінуўшы тутэйшыя мясціны ў веку 10 гадоў, больш ніколі пра іх не ўзгадваў, ды і наогул быў заўзятым праціўнікам ленінскага «права нацыяў на самавызначэнне».

Усё ж сёе-тое нацыянальнае ў ім такі было. Але ніяк не беларускае, выключна польскае, і (якая мілая адметнасць) Вінцас Міцкявічус-Капсукас некалі запісаў успаміны Дзяржынскага пра тое, як у дзяцінстве той марыў пра шапку-невідзімку, каб у ёй знішчаць «маскалёў». Цікава, ці будзе гэтая гуманістычная цытата ўпрыгожаная дзе-небудзь на сценах найлепшага ліцэю Беларусі? Заклікаць, так бы мовіць, на адпаведныя подзвігі маладое пакаленне?

Але рушым далей па няпростай біяграфіі нашага героя. «Школьныя гады цудоўныя» прайшлі для яго цяжкавата. Хлопчык быў канфліктны і з паспяховасцю было, шчыра кажучы, дрэнна. Настолькі дрэнна, што аднойчы яго пакінулі на другі год, у пасведчанні аб заканчэнні сямі класаў гімназіі значыліся двойкі па расейскай і грэцкай мовах, чацвёрка па Законе Божым і тройкі па ўсіх астатніх прадметах. Цяжкавата ў яго ішло, дый давялося яму пакінуць навучальную ўстанову не давучыўшыся, бо юны Фелікс аблаяў настаўніка.

Мне здаецца, што ліцэісты БДУ павінны добра вывучыць гэты эпізод у біяграфіі нашага героя і, калі будуць пасылаць выкладчыка «по матушке», прыгаворваць: «Як вучыў нас Фелікс Эдмундавіч, імя якога носіць нашая гімназія». Упэўнены, гэты досвед трохі падфарбуе сумную вучнёўскую штодзённасць.

Такім чынам, хлопчык не давучыўся, выйшаў у дарослае жыццё і пачаў працаваць… А вось, уласна, працаваць наш недавук і не збіраўся. Ён, вядома, уладкоўваўся некуды для праформы – на нізкааплатныя рабочыя пасады, але асноўнай справай ягонага жыцця зрабілася барацьба з законнай уладай у дзяржаве. Як гаварыў герой аднаго цудоўнага галівудскага блокбастару: «Цяміш?»

Калі кожны год са сценаў ліцэю імя Фелікса Дзяржынскага будзе выходзіць 200+ будучых беларускіх рэвалюцыянераў, якія маюць моцныя ўнутраныя каштоўнасці і гатовыя, нягледзячы на нягоды, арышты і ссылкі, цягам 20 гадоў думаць не пра ўласны дабрабыт, а пра звяржэнне рэжыму, то гадоў праз 10 такой працы беларуская апазіцыя будзе нашмат мацнейшая, чым сёння.

Фелікс Дзяржынскі і Вячаслаў Молатаў. Крыніца: krugosvet.ru /commons.wikimedia.org

Але і перыяд рэвалюцыйнай барацьбы для нашага героя скончыўся, і скончыўся ён перамогай бальшавікоў. Ды як перамогай… У перыяд унутраных хваляванняў, смуты ў Расейскай імперыі, малавядомая раней партыя паабяцала «УСІМ– УСЁ», гэта значыць (калі больш дакладна): «Мір – народам, фабрыкі – рабочым, зямлю – сялянам». І пад гэтымі лозунгамі сілаю забрала ўладу ў інтэлігентнага Часовага ўраду. Тым было цяжка неяк запярэчыць адразу, аднак потым яны згрупаваліся, і самая «аранжавая» з рэвалюцыяў вылілася ў крывавую бойню, грамадзянскую вайну, за чатыры гады якой загінулі ад 10 да 17 млн чалавек, гледзячы як лічыць.

Тут, вядома, таксама ёсць чаму павучыцца ў нашага Эдмундавіча. Здольнасць учыніць такую бойню ўнутры ўласнай краіны ў сусветнай гісторыі сустракаецца даволі рэдка. Ці трэба казаць, што з усталяваннем «народнай улады» (якая гэтага самога народу баялася жудасна) ні народы не атрымалі міру, ні рабочыя – фабрык, ні сяляне – зямлі. Нічога з абяцанага партыяй, непасрэднай часткай кіраўніцтва якой быў Дзяржынскі, не адбылося. Затое зʼявілася фармаванне з ім на чале – першыя карныя структуры, ВЧК.

«Чырвоны тэрор» супраць уласнага насельніцтва не проста так названы менавіта чырвоным. Кроў лілася ракою. Вялікі быў Фелікс у гэтым прафесіянал.

Ці ёсць ліцэістам БДУ чаму павучыцца ў гэтым перыядзе жыцця Жалезнага Фелікса? Гэта пытанне. Магчыма, уменне масава падманваць насельніцтва і арганізоўваць забойства суграмадзянаў у прамысловых маштабах ім і спатрэбіцца. Але вельмі б не хацелася.

Наш герой памёр у 1926-м і перад смерцю доўга і цяжка хварэў. Ці можа жыццё вось такога «нарадзінца зямлі беларускай» быць прыкладам для ліцэістаў? Калі вы збіраецеся будаваць дзяржаву гвалту, краіну, якая ваюе з уласнымі грамадзянамі, тады, вядома ж, так. Невук, прафесійны рэвалюцыянер, які марыў рэзаць «маскалёў», і такі загубіў дзясяткі мільёнаў жыццяў – выдатны прыклад для пераймання.

Калі ж вы разлічваеце, што будучыя вучні сутыкнуцца з нейкімі іншымі выклікамі ў сваім жыцці, што яны ў будучыні будуць займацца навукай, ствараць бізнесы або тварыць: пісаць кнігі, здымаць фільмы, займацца журналістыкай – то варта было б, вядома, пашукаць іншых герояў.

З іншага боку, затое цяпер на сценах гэтай навучальнай установы сумленна напісана, чым яна займаецца, каго рыхтуе. Памыліцца немагчыма, і гэта ўжо добра.

belsat.eu / Авер

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў