Кіраўніку беларускага Чырвонага Крыжа прыгразілі трыбуналам за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей

Кіраўнік НАУ Павел Латушка пракаментаваў «Белсату» заяву старшыні беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова, які фактычна прызнаў датычнасць да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Латушка адзначыў, што калі з’явяцца доказы, іх перададуць Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе.

Дзеці з акупаваных тэрыторыяў Данбасу і Запарожжа прыехалі «на аздараўленне» ў Беларусь. 25 красавіка 2023 года. Фота: Алексей Талай / vk.com

«Мяне да глыбіні душы абурыў той факт, што людзі думаюць у меру сваіх думак запалёных, ці яны лічаць, што так лагічна рабіць, калі абвінавацілі Беларусь у тым, што мы выкрадаем дзяцей, якія прыязджаюць да нас на аздараўленне. І шчыра кажучы, справа ў тым, што і Беларускі Чырвоны Крыж прымаў у гэтым – і прымае, і будзе прымаць у гэтым – актыўны ўдзел», – прызнаўся генеральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу.

Кіраўнік Беларускага Чырвонага Крыжа прызнаў, што арганізацыя вывозіць украінскіх дзяцей у Беларусь

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, які збірае доказы датычнасці беларускай дзяржавы да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, у каментары «Белсату» адзначыў, што беларускі Чырвоны Крыж парушае прынцыпы міжнароднай арганізацыі: непрадузятасць і нейтральнасць.

«Мы таксама можам упэўнена казаць пра тое, што цяперашняе становішча Чырвонага Крыжа ў Беларусі відавочна не адпавядае прынцыпу незалежнасці нацыянальнага таварыства ад дзяржаўнай палітыкі, палітыкі рэжыму Лукашэнкі», – сказаў Латушка.

Ён запэўніў, што НАУ фіксуе ўсе заявы і дзеянні беларускага Чырвонага Крыжа: «Мы ўважліва сочым за выказваннямі Шаўцова, але самае важнае – за дзеяннямі самой арганізацыі. Нашыя юрысты даюць прававую ацэнку кожнаму факту».

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення адзначыў, што словы аднаго толькі Шаўцова – не падстава для звароту ў гаагскі трыбунал: факты мусяць быць пацверджаныя з некалькіх крыніцаў.

Арганізатар вывазу ў Беларусь украінскіх дзяцей прызнаў датычнасць да гэтага Лукашэнкі

«У сваёй ацэнцы мы не можам грунтавацца выключна на заявах прадстаўніка беларускага Чырвонага Крыжа, якія таксама могуць быць наўмыснай спробай, так бы мовіць, «замазаць» у гісторыі з ваеннымі злачынствамі найбуйнейшую міжнародную гуманітарную арганізацыю ў свеце і такім чынам панізіць фокус увагі да Лукашэнкі», – заявіў спадар Павел.

Ён не выключыў, што беларускае таварыства насамрэч толькі раздае гуманітарную дапамогу дзецям – гэта акурат адпавядае мэтам арганізацыі, і ніяк не ўдзельнічае непасрэдна ў дэпартацыі.

«Аднак кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа паднёс гэтую дзейнасць як уцягванне арганізацыі ў вываз дзяцей, што курыруе фонд Талая. І гэта ўжо патэнцыйна можа кваліфікавацца як суўдзел у ваенных злачынствах», – падкрэсліў палітык.

Ён заклікаў перадаваць у НАУ інфармацыю аб дзейнасці беларускага таварыства міжнароднай арганізацыі.

«Мы былі б удзячныя журналістам за пытанні гэтай асобе пра ўдзел менавіта ў вывазе дзяцей. Мы таксама былі б удзячныя беларусам, якія валодаюць якой-небудзь інфармацыяй пра гэта. У выпадку з’яўлення фактаў мы неадкладна перадамо інфармацыю ў суд у Гаазе», – падсумаваў Павел Латушка.

Днямі генеральны сакратар беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў у форме з нарукаўнай нашыўкаю з літарай Z – сімвалам расейскай агрэсіі ва Украіне – даў інтэрв’ю расейскім прапагандыстам у Данбасе. Ён адмовіўся даваць тлумачэнні.

Андрэй Стрыжак: «Беларускі Чырвоны Крыж далёкі ад прынцыпаў, што закладаліся пры стварэнні арганізацыі»

Раней Павел Латушка перадаў Міжнароднаму крымінальнаму суду ў Гаазе дакументы аб датычнасці некалькіх асобаў на чале з Лукашэнкам да вывазу дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны. Менавіта за гэта суд выдаў ордар на арышт прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмана Марыі Львовай-Беловай.

У Менску адмаўляюцца лічыць свае дзеянні злачынствам, сцвярджаюць, што вывозяць дзяцей на аздараўленне.

Украінскіх дзяцей масава вывозяць у Беларусь. Што адбываецца – і чаму гэта ваеннае злачынства?

Сяргей Крот belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны